Пінскаму краязнаўцу Аляксею Дуброўскаму споўнілася б 70
Знакамітаму пінскаму фатографу, эколагу і краязнаўцу Аляксею Дуброўскаму споўнілася б 70 гадоў. Мерапрыемства, якое ініцыявалі сябры Дуброўскага, адбудзецца ў нядзелю, ў Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц.
Яшчэ за савецкім часам, нягледзячы на тое, што працаваў інжынерам у Пінскім праектным інстытуце меліярацыі ды навуковым аддзеле парку „Белавежская пушча” – асудзіў меліярацыю Палесся. Рэзка выказаўся ў друку, з чаго і пачалася яго грамадская дзейнасць, узгадвае літаратар Павел Ляхновіч:
– Ён абсалютна бескарысліва ездзіў у гэтыя падарожжы. Ён жа не для сябе ўсё гэта рабіў, і сапраўды не для піяра, проста хацелася вельмі захаваць прыгажосць, якая знікае. Гэта Дуброўскі арганізаваў гэтыя заказьнікі, інакш там працягвалася б асушэнне балот і знікалі б многія ўрочышчы, мясціны тут на Піншчыне. Ён непакоіўся пра тое, каб захаваць гэтыя балоты, гэту травінку, якая там вельмі рэдкая.
Аляксей Дуброўскі ў часы перабудовы падтрымаў Беларускі Народны Фронт „Адраджэнне”, а з 1990 па 1999 гады быў дэпутатам Пінскага гарсавета. Аўтар сотняў артыкулаў, прысвечаных праблемам экалогіі і гісторыі, якія рэгулярна з’яўляліся ў беларускім ды замежным друку.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя