„МТС” палепшыў 3G-сувязь уздоўж асноўных чыгуначных магістраляў
Аператар „МТС” палепшыў пакрыццё 3G-сеткі ўздоўж найбуйнейшых чыгуначных магістраляў Беларусі. У рамках праекта пабудаваная 51 новая базавая станцыя, паведамілі БелаПАН у прэс-службе аператара.
Сувязь палепшылі ў напрамках з Гомеля да Гудагая, з Берасця да Оршы і са Жлобіна да Віцебска.
Для рэалізацыі праекта ўздоўж чыгуначных шляхоў былі пабудаваныя новыя базавыя станцыі і мадэрнізаваныя існуючыя. Такім чынам, пакрыццё сеткі 3G палепшанае па наступных найбуйнейшых чыгуначных напрамках краіны: Гомель — Жлобін — Бабруйск — Асіповічы — Менск — Маладзечна — Смаргонь — Гудагай; Берасце — Баранавічы — Менск — Орша; Жлобін — Рагачоў — Магілёў — Орша — Віцебск — Езярышча.
Раней „МТС” сумесна з Беларускай чыгункай забяспечыў усе вакзалы краіны Wi-Fi. Да II Еўрапейскіх гульняў мабільны аператар таксама запускае базавыя станцыі ўздоўж аўтатрас. У выніку, як абяцае „МТС”, будзе забяспечаны якасны доступ да хуткаснага мабільнага інтэрнэту па тэхналогіі 3G „унутры аўтамабіля”. Усяго ўздоўж аўтамагістраляў і чыгункі запрацуе каля сотні вышак.
Беларуска-расейскае СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы” — найбуйнейшы па колькасці абанентаў аператар у Беларусі. Абаненцкая база аператара перавышае 5,5 млн карыстальнікаў.
belapan.by
Фота vetliva.by