Як на Магілёўшчыне за аўтаномную Беларусь змагаліся



У 1921 годзе віленская беларуская газета „Наша думка” (№4) змясціла зацемку пад назвай „Аўтаномная Беларусь”, якая была перадрукавана з савецкай газеты „Известия”. У ёй апісвалася хада так званай „раскладкі” хлеба на Магілёўшчыне – спагнання харчовага падатку. Беларускія сяляне масава застрашвалі, збівалі і забівалі агентаў ды паўнамоцных прадстаўнікоў бальшавіцкай улады. Найбольш адметным было тое, што антыбальшавіцкі супраціў вёўся пад лозунгам аўтаномнасці Беларусі, чаго не магла абмінуць нават цэнтральная савецкая прэса.

Іван Уладзіміраў „Харчразвёрстка” (1921)

Аутаномная Беларусь

„Известия” пішуць, як праходзіць раскладка хлеба ў Магілёўшчыне.

„Агентаў і паўнамоцнікаў забівалі з-за вугла бандыты, якіх прытулялі і хавалі сяляне-кулакі, бо глядзелі на іх як на сваіх абаронцаў ад раскладкі. Бандыты дзеялі арганізавана, выступаючы ад імя аўтаномнай Беларусі, нападалі на вол.-іспол.-комы, загадывалі ім пад страхам расстрэлу не прад’яўляць раскладкі да вёскі. 

У Гарэцкім павеце прад. працаўніка Кошмана абабілі „сьмертным боем” і загадалі выехаць з павету пад пагрозай расстрэлу.

Часам у вёсках ідуць бойкі ў поўным вайсковым значаньні гэтага слова.

У Быхаўскім павеце у часе боя на вуліцах вёскі пагінулі тры лепшых агенты: Раманаў, Цёмкін і Часьніцкі.

Многа і іншых ахвяр-забітых раненых і скалечаных на бяскроўным прадавольсьцьвеным фронце.

„Наша думка” — штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выходзіла на беларускай мове ў Вільні (24 лютага 1920 — 8 ліпеня 1921). Рэдактар-выдавец Максім Гарэцкі. 

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя