Ці будуць каля Белавежскай пушчы паліць шыны?
„Верым, што ў вёсцы Дубічы Асочныя, якая знаходзіцца каля Белавежскай пушчы, хімічнага спальвання шынаў не будзе”, – кажа солтыс вёскі Барбара Галёнка.
У вёсцы Хітрая павінна была адбыцца сустрэча жыхароў гміны Гайнаўка з інвестарам прадпрыемства. Інвестар зноў праігнараваў нас, кажа Барбара Галёнка:
– Разгляд адміністрацыйнай справы адбываўся без удзелу інвестара. Кожны хацеў бы задаць яму пытанне, чаму ён выбраў гэта месца – каля Белавежскай пушчы? Сяло экалагічным земляробствам спрабуе займацца, агратурызм расце. У нас не было думкі, што хтосьці ўвогуле мог бы пра гэта казаць. Аднак, давялося змагацца і будзем змагацца да канца.
Канчатковае рашэнне па справе пабудовы прадпрыемства будзе прымаць войт гміны Гайнаўка на падставе экспертызаў Рэгіянальнага дырэктарату аховы асяроддзя і павятовага санітарнага інспектарату ў Гайнаўцы. Экспертызы павінны быць завершаны да сярэдзіны ліпеня гэтага года.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя