Ірына Шымановіч выбыла ў паўфінале турніру ў Менску
Беларуска Ірына Шымановіч (526-ы нумар рэйтынгу ВТА) выбыла ў паўфінале турніру ў Менску. Наша суайчынніца саступіла прадстаўніцы Вялікабрытаніі Франчэсцы Джонс (457 ВТА) – 5: 7, 7: 5, 3: 6.
Яшчэ адна беларуска Вера Лапко (103 WTA) і Ксенія Нолл (Швейцарыя) прайгралі ў Нотынгеме ў паўфінале аўстралійскай пары Арына Радзівонава (210 WTA) / Элен Перэс (202 WTA) – 6: 4, 4: 6, 12:14.
* * *
Беларускія баскетбалісткі прайгралі ў першым з двух кантрольных матчаў з камандай Італіі. Першую палову сустрэчы ў італьянскім Броні беларускі правялі нядрэнна, сышлі на вялікі перапынак з перавагай 9 ачкоў – 43:34. Пасля аднаўлення гульні італьянкі перахапілі ініцыятыву і выйшлі наперад, перамогшы ў выніку з лікам 71:67. Самай выніковай у складзе беларусак стала Вікторыя Гаспер, якая набрала 22 ачкі, у актыве Марыі Паповай 17 ачкоў. Сёння вечарам суперніцы сустрэнуцца зноў на той жа арэне. Да гэтага беларускі правялі два спарынгі ў Рызе. У першым з іх яны перамаглі каманду Латвіі з лікам 81:77, а затым прайгралі зборнай Турцыі – 56:76.
* * *
Прэзідэнт Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) Аляксандр Чаферын прапанаваў праводзіць фінальныя матчы Лігі чэмпіёнаў толькі на стадыёнах вялікай умяшчальнасці. Фінал Лігі чэмпіёнаў 2019 г. паміж англійскімі „Тотэнхэмам” і „Ліверпулем” адбыўся на арэне ў Мадрыдзе, якая ўмяшчае менш за 70 тысяч чалавек. Заўзятары клубаў-фіналістаў атрымалі толькі па 16 тысяч білетаў, што выклікала абурэнне фанатаў.
* * *
Паўабаронца „Напалі” Ларэнца Інсінья прыцягнуў цікавасць „ПСЖ”. Парыжане зрабілі запыт пра магчымы трансфер 28-гадовага футбаліста, неапалітанскі клуб адказаў, што гатовыя адпусціць гульца за 100 мільёнаў еўра. Як паведамляе La Gazzetta dello Sport, „Напалі” яшчэ не атрымліваў прапаноў па Інсіньі вышэй чым 70-80 мільёнаў. „Напалі” правядзе на наступным тыдні перамовы з агентам пра будучыню футбаліста. Бакі могуць падпісаць новы кантракт, разлічаны да 2024 года, з заробкам 6 мільёнаў еўра ў год.
* * *
Жаночая зборная Беларусі па валейболе працягвае сваё выступленне ў Еўралізе. 15 чэрвеня беларускі згуляюць у Алікантэ з камандай Іспаніі. Пачатак сустрэчы ў 20.00 па беларускім часе.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Sport-TV