Смерць дамоў на Кірава ў Гомелі
У цэнтры Гомеля працягваецца знос традыцыйнай гарадской драўлянай забудовы.
На вуліцы імя Кірава застаецца ўсё менш і менш жылых драўляных дамоў.
Вуліца Кірава – адна з цэнтральных і старых вуліц горада. Да рэвалюцыі вуліца называлася – Магілёўская, пасля рэвалюцыі адразу – Кааператыўная, а пасля забойства Кірава – атрымала імя забітага.
„Мне больна ісці каля гэтага дома, – кажа Каця, – тут жыла мая цётка, старэйшая сястра майго таты. У дзяцінстве я хадзіла сюды на выходныя. Цётка пякла блінчыкі з макам. У доме – вялікая зала, мы збіраліся там усё сям’ёй. Яшчэ ў савецкія часы ў доме была ванная і туалет. „Папера” пра знос ім таксама прыйшла ў савецкія часы першы раз. Каля дома быў вялікі сад – грушы, яблыкі, кветкі”.
Каця адмаўляецца зайсці са мною ў былы дом сваёй цёткі.
У дварах нежылых дамоў засталіся кветкі – касачы ды лілейнікі.
Зусім хутка ад драўляных дамоў у гэтай часцы вуліцы Кірава не застанецца і следу. Знікаюць і масівы старых садоў у горадзе.
Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя