Аляксандр Класкоўскі: Новая тактыка ўлады – «прынамсі, не злаваць народ»



Улады вырашылі трошкі змякчыць сваю палітыку па некаторых пытаннях, – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Гэта своеасаблівая перадвыбарчая стратэгія, кажа палітолаг. Паводле яго, назіраецца тактыка – «прынамсі, не злаваць народ». Пра гэта сведчыць і замена скандальнага міністра ўнутраных справаў Шуневіча на больш мяккага Караева. І дыялог улады з пратэстоўцамі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці, – заўважае Аляксандр Класкоўскі.

– Не могуць даць належны дабрабыт. Ужо 10 гадоў ваююць за гэтыя няшчасныя «усім па 500». Але не надта атрымліваецца. Ну дык хоць бы не цвеліць, не раздражняць людзей залішняй брутальнасцю, калі яна не патрэбная. Фактычна такі наказ і прагучаў, калі Лукашэнка сустракаўся з новапрызначаным міністрам. Для мяне яшчэ сімптом тое, што ў Берасці ўлады змянілі падыход да тых, хто пратэстуе супраць акумулятарнага завода.

У Берасці распачаўся дыялог паміж пратэстоўцамі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу і мясцовымі уладамі. Старшыня Берасцейскага абласнога выканкаму Анатоль Ліс падпісаў распараджэнне аб прыпыненні будаўніцтва да ліквідацыі выяўленых парушэнняў. Пратэсты супраць завода трываюць з пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю.

Беларускае Радыё Рацыя