У Пінску праводзяць „Начны дазор” за падлеткамі



„Начны дазор” – так пінскія праваахоўнікі назвалі прафілактычную акцыю, якая праводзіцца сярод моладзі. Мэтай акцыі з’яўляецца зніжэнне злачынстваў сярод непаўнагадовых. Па выніках мінулага года – колькасць правапарушэнняў мае тэндэнцыю да павелічэння.

У святочныя дні пінскія праваахоўнікі ўзялі пад пільны кантроль кропкі рэалізацыі спіртных напояў ды тытунёвых вырабаў. Як паказвае практыка, у 90% гандляры прадаюць падлеткам алкаголь ды цыгарэты.

Супрацоўніца інспекцыі па справах непаўнагадовых Святлана Міхнюк адзначае, што не заўсёды бацькі станоўча ацэньваюць такі клопат дзяржавы:

– Ёсць сем’і, якія прымаюць з падзякай дапамогу, ёсць сем’і з якімі трэба папрацаваць даўжэй. Тым не менш наша галоўная задача заключаецца ў тым, каб пераламіць сітуацыю ў патрэбны нам бок. Ёсць бацькі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, ёсць бацькі, якія не вельмі добрасумленна выконваюць абавязкі па выхаванні дзяцей. Наша задача зрабіць так, каб яны зразумелі. Мы прыцягваем для гэтага псіхолагаў з цэнтраў сацыяльнай дапамогі сям’і і дзецям, з цэнтраў па лініі адукацыі.

Акцыя працягнецца да завяршэння зімовых канікул. За 2014 год пінскія падлеткі здзейснілі 25 крымінальных злачынстваў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя