Мечыслаў Супрон: Вада з Дзітвы атруціла Нёман
Гісторык Мечыслаў Супрон, які на выходныя наведаў Бярозаўку на Лідчыне, лічыць што на Лідчыне зараз адбываецца катастрофа па забруджванню рэкаў і купанне ў рэках небяспечна для здароўя.
– Пасля таго, як я на выходных пакупаўся ў Нёмане, а я купаўся разам з 6-гадовым сынам, дык на наступны дзень у сына з’явілася тэмпература, а ў мяне на целе з’явіліся нейкія чырвоныя кропкі, як быццам ад алергіі. Я лічу, што гэта звязана з тым, што меў кантакт з нёманскай вадой. Гэта сведчыць аб тым, што ў гэтых сточных водах магчыма ёсць нейкія інфекцыі, або нешта такое, што можа паўздзейнічаць на здароўе чалавека.
На думку Мечыслава Супрона, катастрофа на рэках Дзітва, Лідзейка і Нёман стала катастрофай абласнога масштабу.
– Я лічу, што гэта не проста там нейкі выкід, а цэлая катастрофа. Катастрофа абласнога значэння. Таму што, апроч таго, што вымерла шмат рыбы на Дзітве, дык гэтае месца, дзе адбылося забруджванне, яно будзе для рыбакоў на доўгі-доўгі перыяд проста бязрыбнае, там не будзе рыбы некалькі гадоў. Калі гэта ўсё цярпер спыніць, прырода будзе абнаўляць гэтае русла, але там з’явіцца рыба сама меней праз пяць гадоў.
Мясцовыя жыхары Лідчыны лічаць, што адбываецца скід нечыстотаў з палей фільтрацыі ў рэкі Дзітва і Лідзейка, аднак афіцыйныя камунальшчыкі і санэпідэмслужбы канстатуюць, што прычынай рэзкага пагаршэння стану вады ёсць гарачае надвор’е.
Беларускае Радыё Рацыя