Міхаіл Бабіч па-ранейшаму будзе займацца беларуска-расейскай інтэграцыяй
Былы пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч прызначаны намеснікам міністра эканамічнага развіцця РФ. Адпаведнае распараджэнне расейскага ўрада за подпісам Дзмітрыя Мядзведзева афіцыйна апублікаванае 17 чэрвеня.
На новай пасадзе ён будзе займацца «інтэграцыйнай тэматыкай». Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
Мінэканамразвіцця ўзначальвае Максім Арэшкін. Ён таксама з`яўляецца старшынёй расейскай рабочай групы па пытаннях паглыблення інтэграцыі з Беларуссю. Аналагічная група створаная ў Беларусі, ёй кіруе міністр эканомікі Дзмітрый Крутой.
30 красавіка ўказам Уладзіміра Пуціна Міхаіл Бабіч быў вызвалены ад абавязкаў пасла Расеі ў Беларусі, а таксама ад пасады спецыяльнага прадстаўніка прэзідэнта РФ па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю „ў сувязі з пераходам на іншую працу”. Паслом у Беларусі ён прапрацаваў каля васьмі месяцаў.
Новым паслом стаў член Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расеі Дзмітрый Мезенцаў. Пры гэтым ён не прызначаны спецпрадстаўніком Пуціна па развіцці гандлёва-эканамічных стасункаў з Беларуссю.
Як заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, гэтыя кадравыя рашэнні былі прынятыя „ў адпаведнасці з мэтазгоднасцю”.
Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей 14 траўня заявіў журналістам, што замена Бабіча на Мезенцава на пасадзе пасла РФ у Беларусі з`яўляецца „абсалютна ўнутраным рашэннем расейскіх сяброў”. „У нас няма прэтэнзій да працы расейскага пасла па змесце, можа быць, па форме трошкі. Скажам, не зусім і не заўсёды дыпламатычныя былі некаторыя дзеянні, але нам камфортна працавалася з паслом Расеі. Але тое, што было прынятае рашэнне адклікаць, — гэта, я лічу, унутраная справа нашых сяброў”, — дадаў ён.
belapan.by