Чаму чыноўнікі не хочуць, каб людзі ведалі пра іх маёмасць?



Грамадскі актывіст Віктар Карняенка тлумачыць, чаму прадстаўнікі ўлады “саромеюцца” трымаць справаздачу перад падаткаплацельшчыкамі.

 

Як вядома, зараз разглядаецца праект закона «Аб персанальных звестках». Калі дакумент прымуць, то будзе забаронена публікацыя ўсёй інфармацыі пра нерухомасць чыноўнікаў. Віктар Карняенка: Я лічу, што любы публічны чалавек, які займаецца палітыка (не толькі дзяржаўны чыноўнік) павінен быць адкрыты. Чаму ў такім выпадку можна паказваць маю нерухомасць па БТ? Дык я дзве кватэры прадаў і пабудаваў дом, а старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына распавядае нам, як ёй нейкая расейская сяброўка грошы пазычыла на будаўніцтва гэтага палаца ў Драздах.

Таму замест таго, каб абараняць чыноўнікаў, улада павінна наадварот зрабіць так, каб Ярмошына і іншыя ўладальнікі шыкоўных катэджаў трымалі празрыстую справаздачу, адкуль узялі грошы, не толькі перад сваім начальствам і сілавікамі, але і перад звыйнымі людзьмі, на чые падаткі існуюць гэтыя чыноўнікі. Але ўлады вырашылі наогул схаваць канцы ў ваду ад людзей.

РР: Чаму чыноўнікі баяцца, каб народ даведаўся пра іх маёмасць?

Віктар Карняенка: Яны баяцца праўды, бо паспрабуйце на звычайны заробак пабудаваць такі дом. І мы ж бачым, па якім коштах затым некаторыя чыноўнікі здаюць гэтыя гмахі: па 3-5 тысяч долараў у месяц. Ёсць здымкі, як абсталяваны гэтыя дамы ўнутры, і там жа таксама ўкладзены не капейкі. Тады паўстае пытанне: адкуль грошы? І за якія такія заслугі перад радзімай?

РР: Зямлю ў Драздах, здаецца, бясплатна раздаюць…

Віктар Карняенка: Тым больш пытанняў. Чаму звычайны чалавек павінен набываць зямлю пад будаўніцтва на аукцыёне, а чыноўніку даюць зямлю бясплатна? Што гэта за каставы падыход? Некалі беларускі кіраўнік патлумачыў гэтую фенаменальную з’яву даволі проста – каб чыноўнікі не кралі. І гэта проста жах, калі ў чалавека, які кіруе дзяржавай, такая адміністратыўная палітыка. Гэтыя меры толькі спрыяюць карупцыі, а не перадухіляюць яе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя