«Сталіца» стала трохразовым чэмпіёнам краіны



Менскі клуб „Сталіца” ў трэці раз стаў чэмпіёнам Беларусі па міні-футболе, абыграўшы ў фінальнай серыі 30-га нацыянальнага першынства гомельскі ВРЗ. У чацвёртым паядынку серыі за золата, які адбыўся ў менскім спарткомплексе МАПІД, падначаленыя Андрэя Талмачова выйгралі ў гамяльчан з лікам 3:1. У першай сустрэчы фіналу „Сталіца” перамагла ў Гомелі з лікам 4: 2, затым дома – 4: 1, а ў трэцім матчы серыі ВРЗ на сваёй пляцоўцы здолеў дамагчыся поспеху з лікам 4:1. Гэта трэці чэмпіёнскі тытул „Сталіцы„: першы яны заваявалі ў 2014 годзе, перамогшы ў фінале аршанскі „Вітэн”, а ў 2017 годзе былі мацней за ВРЗ.

Азаранка прайграла Гарсіі на турніры ў Іспаніі

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая мае 41-ы нумар сусветнага рэйтынгу, прайграла на турніры Mallorca Open у Іспаніі. Вікторыя ў паядынку 1/16 фіналу сустракалася з 23-й ракеткай планеты французскай тэнісісткай Каралін Гарсіяй і саступіла – 6: 1, 4: 6, 5: 7. У парным разрадзе беларуска Лідзія Марозава і аўстралійка Сторм Сандэрс прайгралі аўстралійска-грузінскаму тандэму Моніка Адамчак / Аксана Калашнікава 6:4, 5:7, 7:10.

«Пяст» будзе сапернікам БАТЭ у Лізе чэмпіёнаў

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне 1-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Сапернікам барысаўскага БАТЭ будзе чэмпіён Польшчы „Пяст”. Першы паядынак адбудзецца 9 або 10 ліпеня на полі „Барысаў-Арэны”, матч у адказ – 16 або 17 ліпеня на полі польскага клуба. Пазней у Ньёне таксама прайшло лёсаванне другога па рангу кантынентальнага клубнага турніру – Лігі Еўропы. Салігорскі „Шахцёр” пазмагаецца з мальтыйскім „Хіберніансам”, менскае „Дынама” згуляе з латвійскім клубам „Ліепая”, а сапернік „Віцебска” – фінскі КуПС. Усе тры беларускія каманды першыя матчы правядуць на сваім полі 11 ліпеня. Паядынкі ў адказ адбудуцца 18 ліпеня.

VAR адмяніў тры галы зборнай Бразіліі

У другім туры групавой стадыі Кубка Амерыкі зборныя Бразіліі і Венесуэлы згулялі ўнічыю 0:0, аднак гэта зусім не азначае, што мяч у гэтай сустрэчы не ўлятаў у сетку. У канцы першага тайма Раберта Фірміно забіў, але перад гэтым парушыў правілы, таму ўзяцце брамы адмянілі. Таксама бразільцы двойчы па ходу другога тайма адпраўлялі мяч у браму сапернікаў – спачатку Габрыэль Жэзус, а затым Філіпэ Коуціньё, але абодва галы былі адмененыя з-за афсайду. Ва ўсіх трох выпадках парушэння правілаў былі выяўленыя пры дапамозе VAR.

У іншым матчы перуанцы перамаглі балівійцаў 3:1.

Берасцейскае «Дынама» арганізуе развітальны матч Васілюка

Берасцейскае „Дынама” плануе арганізаваць развітальны матч Рамана Васілюка. Пра гэта ў эфіры „Радыё Брэст” заявіў генеральны менеджэр клуба Максім Краснабаеў. „Развітальны матч Васілюка плануецца. Пад нейкага „правільнага” саперніка яго арганізуем. Рома ў курсе, ён гатовы. Усё будзе, чакаем”, – сказаў Краснабаеў.

Леўчанка не дапаможа беларускам на Еўрабаскеце

Лідар нацыянальнай зборнай Беларусі Алена Леўчанка прапусціць жаночы Еўрабаскет ў Сербіі. Безумоўна, хацела дапамагчы камандзе на чэмпіянаце Еўропы. Аднак, абставіны склаліся так, што канчаткова аднавіцца не змагла. Параіўшыся з лекарамі, трэнерскім штабам, прынялі рашэнне, што дапамагчы камандзе ў поўным аб’ёме не змагу. Вядома, буду заўзець за нашу каманду і вельмі спадзяюся, што яны заваююць пуцёўку на Алімпіяду. Велізарнага поспеху дзяўчынкам ў Сербіі!» – паведаміла прэс-службе Беларускай федэрацыі баскетбола Алена Леўчанка.

Беларускае Радыё Рацыя