Колькасць стратных прадпрыемстваў у Менску вырасла на 4,1%
Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, колькасць стратных арганізацый сталіцы ў студзені—красавіку 2019 года ў параўнанні са студзенем—красавіком 2018-га вырасла на 4,1% — з 315 да 328, а іх удзельная вага — з 21,3 да 22, 2%.
Пры гэтым чысты прыбытак сталічных арганізацый склаў 1 млрд 263,4 млн рублёў, або на 28% больш, чым у студзені—красавіку 2018 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 1 млрд 625,8 млн (на 24,8% больш). Прыбытак ад рэалізацыі знізіўся на 6% да 1 млрд 927,6 млн рублёў.
Рэнтабельнасць продажу за чатыры месяцы склала 7,9% супраць 9,4% за студзень—красавік 2018 года, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 9,9% супраць 12,2%.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый Менска ў наяўных цэнах склала 24 млрд 536,8 млн рублёў, або на 13% больш, чым у студзені—красавіку 2018 года.
Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за год павялічыўся на 15,2% да 19 млрд 385,3 млн рублёў.
Незалежныя эксперты тлумачаць рост чыстага прыбытку спісаннем старых даўгоў. Значная частка выручкі большасці прадпрыемстваў ідзе на выкананне даўгавых абавязацельстваў.
belapan.by