Прастора вялікіх і малых гарадоў



Пасля невялічкай дажджлівай паўзы да нас вярнулася лета… Сіноптыкі пужаюць гарачынёй на выходных, але да іх яшчэ ёсць трохі часу… І тут каляндар падкідвае цікавыя даты.

У прыватнасці, Дзень устойлівай гастраноміі, аб’яўлены ААН у 2016 годзе, плаўна перацякае ў Міжнародны дзень шпацыру. Лета – той самы час, каб спрабаваць штосьці новае, смачнае і не назапашваць пры тым непатрэбных калорый… Дык вось, шпацыр па вулачках роднага горада ці мястэчка летам – адзін з самых прыемных відаў адпачынку!

Шпацыруеш сабе, свежым паветрам дыхаеш, за людзьмі назіраеш, малымі архітэктурнымі формамі ці фішачкамі ландшафтнага дызайну любуешся – прыгажосць! Іншае справа – помнікі. Любы сярэднестатыстычны беларускі горад мае на плошчы сваёй цэнтральнай помнік Леніну Уладзіміру Ільічу… Такі сабе шэры і таксама сярэднестатыстычны. І вось у Смаргоні маем прэцэдэнт – помнік правадыру з галоўнай плошчы прыбралі: змянілася канцэпцыя горада… Многія перамены – да лепшага!

І добры прыклад заўжды штурхае да пераймання… Вось і журналіст “Радыё Свабода” Зміцер Гурневіч хвалюецца за лёс землякоў, за выгляд родных мясцінаў. Напісаў зварот у Стаўпецкі райвыканкам і прапанаваў перанесці помнік у іншае прыгожае месца. Маўляў, выглядае нягегла і людзей палохае. Прыйшоў адказ з райвыканкама!

Там маецца пару шыкоўных выразаў, якія варта працытаваць…

“Помнік быў усталяваны ў 1946 годзе… Плошча носіць назву Леніна,  і адна з вуліц, якая прымыкае да яе…” – то бок чапаць катэгарычна нельга? Канцэпцыя парушыцца?

“У свеце некалькі тысяч помнікаў Леніну на розных кантынентах… Усе яны – помнікі гісторыі” – насамрэч?

“Вашыя меркаванні, што помнік якімсьці чынам уплывае на выручку пунктаў грамадскага харчавання, з’яўляюцца асабістымі” – безумоўна! Усё асабіста і непаўторна!

“Вашыя меркаванні пра перанос помніка таксама асабістыя” – а хтосьці сумняваецца?

Ёсць сумневы ў многіх – пра многае. Пра высокамастацкія якасці айчынных “Ленінаў” асабліва… Зрэшты, думаецца, людзі ў Стоўбцах цяпер іншым заклапочаны… То хай пастаіць пакуль – есці ж не просіць!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ