У Зэльве адбудзецца Ганненскі кірмаш



23-24 жніўня ў Зэльве адбудзецца Ганненскі кірмаш. Ужо не першы год кірмаш збірае зэльвенцаў і многіх іншых жыхароў Гарадзеншчыны, каб адпачыць, павесяліцца, нагадаць той час, калі Зэльва славілася сваім Ганненскім кірмашом.

Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы кірмашу, Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім.

 З 2001 года Ганненскі кірмаш у Зэльве атрымаў новае дыханне. Раённае свята стала адным з самых масавых і жаданых для жыхароў і гасцей Зэльвеншчыны.

І сёлета свята распачнецца ў цэнтры Зэльвы. Пасля ўрачыстага адкрыцця, яно будзе праходзіць на цэнтральнай плошчы пасёлка. Будуць там і конкурс на лепшую конную павозку, спаборніцтвы рыбаловаў, дэгустацыя народных страў, выступленні артыстаў, выставы сувеніраў, розны гандаль і г.д.

Так што, Зэльва рыхтуецца да Ганненскага кірмашу.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва

Фота з архіва аўтара