Васіля Лявонава пахавалі ў Шчомысліцы пад Менскам (абноўлена)
У Шчомысліцы пад Менскам адбылося пахаванне былога міністра сельскай гаспадаркі Беларусі, былога палітычнага вязня Васіля Лявонава.
Развітацца з выдатнага беларускім палітыкам і дзеячам прыйшлі родныя, сваякі і паплечнікі.
Не стала перш за ўсё беларускага рэфарматара, кажа кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука:
– Напэўна не кожны дзень беларуская зямля нараджае людзей, якія здольныя да рэфарматарства, здольныя да таго, каб вырашаць лёс краіны на многія-многія гады наперад. Такім чалавекам быў менавіта Лявонаў Васіль Севасцьянавіч.
Васіля Лявонава пахавалі на Шчомысліцкіх могілках пад Менскам. Развітанне адбылося ў мясцовым сельскім доме культуры.
Развітацца прыйшлі ў прыватнасці – былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік справамі прэзідэнта Беларусі Іван Ціцянкоў, былы прэм’ер-міністр МіхаілЧыгір, прадстаўнікі палітычных партый Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька.
Васіль Лявонаў памёр у нядзелю, яму было 76 гадоў.
* * *
Развітанне з Васілём Лявоным адбылося па традыцыі ў ягоным доме.
Праваслаўны святар правёў адпяванне. Прысутнічалі родныя, блізкія, сваякі і некаторыя былыя паплечнікі, у тым ліку Міхаіл Чыгір і Іван Ціцянкоў.
У Шчомысліцкім сельскім доме культуры пройдзе афіцыйнае развітанне.
Памёр былы міністр сельскай гаспадаркі і палітычны вязень Васіль Лявонаў 4 студзеня. Яму было 76 гадоў.
* * *
Развітанне з былым міністрам сельскай гаспадаркі Васілём Лявонавым, які памёр 4-га студзеня раніцай, адбудзецца сёння, 5-га студзеня, у 11.00 у Шчомысьліцы. Пра гэта ў Facebook паведаміў журналіст Аляксандар Коктыш.
* * *
Раніцай 4 студзеня памёр былы міністр сельскай гаспадаркі, пазней палітвязень Васіль Лявонаў.
Перад тым, як заняць пост міністра, ён з’яўляўся гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Нямеччыне. Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі Васіль Лявонаў адкрыта падтрымліваў В. Кебіча, пазней прыняў прапанову А. Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. В. Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэферэндуму 1996 года, паслядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаванні сельскай гаспадаркі і яе вызвалення ад камандна-адміністрацыйных метадаў, пасля чаго ў міністэрстве пачаліся масіраваныя праверкі.
Васіль Лявонаў быў арыштаваны 11 лістапада 1997 года ў працоўным кабінеце. Яго арышт здымала група аператараў беларускага тэлебачання, і сюжэт пра гэта некалькі разоў транслявалі на БТ.
На судзе, які пачаўся у жніўні 1999 года, сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў.
У студзені 2000 года быў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасці і пакараны 4 гадамі калоніі з канфіскацыяй маёмасьці. Вызвалены 5 кастрычніка 2000 г. паводле амністыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота photo.bymedia.net