Мінфін разлічвае прыцягнуць да канца года крэдыт на 3,5 млрд юаняў



Міністэрства фінансаў мае намер да канца 2019 года прыцягнуць у Банка развіцця Кітая крэдыт на 3,5 млрд юаняў, што эквівалентна больш як 500 млн долараў, паведаміў журналістам 20 чэрвеня міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

„Ідзе работа па прыцягненні крэдыту Банка развіцця Кітая, падпісаны мемарандум для прыцягнення 3,5 млрд юаняў, цяпер ідзе адпрацоўка ўмоў яго прыцягнення”, — сказаў Ермаловіч.

Першапачаткова Беларусь разлічвала прыцягнуць у 2019 годзе расійскі крэдыт на 600 млн долараў для рэфінансавання бягучых плацяжоў па дзярждоўгу. Аднак да цяперашняга часу Расія не ўхваліла вылучэнне гэтых сродкаў, таму беларускія ўлады спрабуюць прыцягнуць нерасійскае фінансаванне для ажыццяўлення бягучых выплат па дзярждоўгу.

Згодна з абноўленымі дадзенымі Міністэрства фінансаў, з якімі азнаёміўся БелаПАН, у 2019 годзе плацяжы краіны па абслугоўванні і пагашэнні дзяржаўнага доўгу складуць 3,29 млрд долараў.

У 2020 годзе, як чакае Мінфін, плацяжы па дзярждоўгу могуць скласці 3,63 млрд долараў, у 2021-м — 3,28 млрд, у 2022-м — 3,46 млрд, у 2023-м — 3,83 млрд. Пасля гэтага, паводле афіцыйнага прагнозу ўлад, штогадовыя плацяжы па дзярждоўгу знізяцца да 2,53 млрд долараў у 2024 годзе і да 2,35 млрд — у 2025-м.

Дадзеныя Міністэрства фінансаў апублікаваныя ў праспекце эмісіі еўрааблігацый Банка развіцця.

belapan.by