На Вілейскім вадасховішчы выратавалі пецярых рыбакоў (абноўлена)
Групу рыбакоў выратавалі ў ноч на 3 студзеня работнікі МНС на Вілейскім вадасховішчы. Пяць рыбакоў, рухаючыся да берага возера каля вёскі Рабынь Вілейскага раёна, пачулі пад сабой трэск лёду, таўшчыня якога складала 6—7 сантыметраў. Апынуўшыся ў экстрэмальнай сітуацыі, рыбакі набралі па тэлефоне нумар 101. Пакуль ратавальнікі ехалі да месца здарэння, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Вілейскага раённага аддзела па НС заставаўся на сувязі з рыбакамі і кансультаваў іх, як дзейнічаць, каб не праваліцца пад лёд.
Супрацоўнікі МНС даставілі рыбакоў на бераг пры дапамозе ратавальных дошак і вяровак. Усе выратаваныя — жыхары Менска. Пасля агляду фельчарам высветлілася, што ў шпіталізацыі яны не маюць патрэбы.
Ратавальнікі тым часам нагадваюць, што калі нулявая тэмпература трымаецца на працягу трох сутак, таўшчыня лёду памяншаецца на 25%.
Беларускае Радыё Рацыя
** *
На Берасцейшчыне супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сумесна з валанцёрамі Таварыства выратавання на вадзе праводзяць рэйды па вадасховішчах і прыродных вадаёмах. Галоўная мэта – папярэдзіць бяду, якую захоўвае тонкі лёд.
Аматары зімовай рыбалкі, нягледзячы на небяспеку, яшчэ са снежня пачалі свой сезон. Як вынік – 10 патанулых.
Чалец пінскага Таварыства выратавання на вадзе Аляксей Нагорнаў адзначае, што за парушэнне правіл бяспекі прадугледжана адміністратыўная адказнасць:
– Выхад на лёд у перыяд раставання лёду катэгарычна забараняецца. Чалавек нясе за гэта адміністрацыйную адказнасць. Выходзячы на лёд, трэба мець з сабой пяшню для таго, каб вызначаць таўшчыню лёду. У тым выпадку, калі лёд трэскаецца і з’яўляецца вада, трэба неадкладна вяртацца па тых жа слядах, па якіх прыйшлі на лёд.
Выратавальнікі нагадваюць, што бяспечная таўшчыня ільду – 10-15 сантыметраў, якая можа сфармавацца пры ўстойліва халодным надвор’і, якога пакуль што – няма.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота news.tut.by