Раман Кісляк: На заводзе „АйПаўэр” працягваюцца пуска-наладачныя работы (абноўлена)



Ініцыятыўная група праціўнікаў акумулятарнага завода патрабуе абсалютнага выканання распараджэння Берасцейскага аблвыканкаму аб спыненні будаўніцтва. „Кіраўніцтва кампаніі „АйПаўэр” на брыфінгах кажа, што будаўніцтва скончылася даўно, а потым была пуска-наладка. Дык гэта і ёсць будаўніцтва, згодна з законам „Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці””, – паведамляе праваабаронца Раман Кісляк.

Кажа Раман Кісляк:

– Акумулятарная кампанія „АйПаўэр” робіць заяву пра тое, што нібыта будаўніцтва прыпынена. Але яны выконваюць пуска-наладачныя работы. Згодна закону Рэспублікі Беларусь архітэктурнай і градабудаўнічай дзейнасці, пуска-наладка – гэта частка будаўнічых работ. Згодна распараджэння аб прыпыненні, усе віды будаўнічых работ, у тым ліку пуска-наладка, падрыхтоўка аб’екта да здачы ў эксплуатацыю, павінны быць спынены. На завод у поўным складзе прыязджаюць рабочыя, па ліўнёвай каналізацыі з боку завода цячэ нейкая вадкасць, то бок ідуць нейкія працэсы, і таму актывісты абураны.

Свае патрабаванні актывісты спрабуюць данесці праз сродкі масавай інфармацыі і каналы інтэрнэт-камунікацыі. Таксама звяртаюцца з адпаведнымі зваротамі ў кантралюючыя і ўладныя органы.

– 18 чэрвеня мы атрымалі ліст датаваны 13-м чэрвеня за подпісам намесніка старшыні Берасцейскага аблвыканкаму Андрэя Клеца у адказ на наш калектыўны зварот. У дадзеным адказе аблвыканкам нам паведамляе, што па выніках лабараторных даследаванняў, якія выконваў Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, выкананых па заяўках Берасцейскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, перавышэнні нарматываў дапусцімых выкідаў забруджваючых рэчываў у атмасфернае паветра выяўлены па васьмі крыніцах, па рэчывам: вокіс вугляроду, свінец і яго неарганічныя злучэнні, серная кіслата, – цытуе адказ праваабаронца Раман Кісляк.

Беларускае Радыё Рацыя