Што стаіць за прысудам Андрэю Бандарэнку?
Шэсць палітычных вязняў на сённяшні дзень знаходзіцца за кратамі. Такія звесткі падае Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Сярод іх – былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч. Некаторыя праваабаронцы да гэтага спісу дадаюць яшчэ сёмага вязня – экс-кіраўніка арганізацыі “Платформа” Андрэя Бандарэнку, кажа кіраўніца “Праваабарончага Альянсу” Людміла Гразнова:
– Бандарэнка з’яўляецца палітвязнем. Калі б ён быў звычайным грамадзянінам, то за побытавую сварку атрымаў бы некалькі сутак альбо штраф. А паколькі ён праваабаронца і ўзяўся за вельмі вострую праблему турмаў, то яго пакаралі на поўніцу, далі тры гады. І вось гэта несуразмернасць пакарання таму ўчынку, што ён здзейсніў, і сведчыць пра палітычную падаплёку.
Нагадаем, у жніўні Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі па абвінавачванні ў злосным хуліганстве. У судзе ён гэтага не прызнаў, аднак папрасіў прабачэння перад пацярпелымі жанчынамі за хуліганскія дзеянні. Былы палітвязень узначальваў арганізацыю абароны правоў зняволеных, дзякуючы якой сталі вядомыя шмат якія факты ціску, збіцця і катаванняў вязняў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелаПАН