Тэрмін атрымання Беларуссю апошняга траншу крэдыту ЕФСР да гэтага часу невядомы
Тэрмін атрымання Беларуссю апошняга, сёмага, траншу крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) беларускім уладам невядомы. Паводле звестак БелаПАН, вырашэнне пытання залежыць ад урада Расеі.
„Беларускі бок усе абавязацельствы, неабходныя для атрымання сёмага траншу крэдыту, выканаў”, — паведаміў БелаПАН суразмоўнік, знаёмы з сітуацыяй.
Пры гэтым інфармаваныя крыніцы мяркуюць, што пытанне знаходзіцца не ў эканамічнай, а ў палітычнай плоскасці. „Ужо паўгода не можам правесці пасяджэнне савета Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця”, — заявіў блізкі да перамоў суразмоўнік.
Прымаць рашэнні аб выдзяленні траншаў крэдыту ўпаўнаважаны савет ЕФСР, які ўзначальвае першы віцэ-прэм’ер Расеі — міністр фінансаў Антон Сілуанаў.
У чэрвені, як паведамляў ТАСС, у кулуарах Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму Сілуанаў заявіў журналістам, што Беларусі і Расеі трэба вызначыцца з характарам „далейшай інтэграцыі”, і тады, паводле яго слоў, „мы будзем разумець арбіту нашых фінансавых узаемаадносінаў”.
Крэдытная праграма Беларусі з ЕФСР была ўхваленая ў 2016 годзе і прадугледжвае выдзяленне краіне рэсурсаў сямю траншамі. Для іх атрымання беларускія ўлады павінны былі выконваць умовы, а менавіта: забяспечваць макраэканамічную стабільнасць, паляпшаць дзелавы клімат і праводзіць валютную лібералізацыю.
З сярэдзіны 2016 года Беларусь атрымала шэсць траншаў еўразійскага крэдыту на 1,8 млрд долараў. Апошні транш (200 млн) Менск разлічваў атрымаць у першым квартале 2019 года, але грошы не паступілі.
Беларусь прыцягвае знешнія запазычанні для рэфінансавання часткі плацяжоў па дзярждоўгу.
Паводле апошніх апублікаваных афіцыйных звестак — у красавіцкім праспекце эмісіі еўрабондаў Банка развіцця, у 2019 годзе плацяжы Беларусі па абслугоўванні і пагашэнні дзярждоўгу складаюць 3,29 млрд долараў.
У 2020 годзе, як чакае Мінфін, плацяжы па дзярждоўгу могуць скласці 3,63 млрд долараў, у 2021-м — 3,28 млрд, у 2022-м — 3,46 млрд, у 2023-м — 3,83 млрд. Пасля гэтага, паводле афіцыйнага прагнозу ўлад, штогадовыя плацяжы па дзярждоўгу знізяцца да 2,53 млрд долараў у 2024 годзе і да 2,35 млрд — у 2025-м.
belapan.by