Затрыманых удзельнікаў пікета ў фан-зоне Еўрагульняў вывезлі за горад і адпусцілі



Затрыманых падчас пікета ў фан-зоне Еўрапейскіх гульняў актывістаў аргкамітэта па стварэнні партыі „Народная Грамада” вывезлі за горад і адпусцілі, паведаміў БелаПАН старшыня аргкамітэта Мікалай Статкевіч.

Паводле яго слоў, затрыманыя падчас пікетавання Валянцін Трокскі, Сяргей Спарыш, Рыгор Пагарцаў былі вывезеныя за горад і дабіраліся ў Менск на спадарожным транспарце. На волі таксама знаходзяцца актывісты, якія не бралі ўдзел у пікеце, а толькі фіксавалі тое, што адбываецца, на тэлефоны — іх адцяснілі ад пратэстоўцаў.

Прадстаўнікоў аргкамітэта „Народнай Грамады” затрымалі ўвечары 21 чэрвеня ў фан-зоне Еўрапейскіх гульняў каля сталічнага Палаца спорту. Яны пратэставалі супраць інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй. Актывісты трымалі плакаты з надпісамі: „Адчапіцеся ад нас са сваёй інтэграцыяй”, „Пуцін! Вырашай сваю праблему без нас”, „Да пабачэння, наш ласкавы Міша”.

„Актывісты мінскай арганізацыі „Народная Грамада” адрэагавалі на ганебную сітуацыю, калі краінай нахабна гандлююць, а ні ўлада, ні грамадства на гэта не рэагуюць. І знайшліся мужчыны, якія на гэта зрэагавалі”, — сказаў Статкевіч у каментары БелаПАН.

У канцы 2018 года расійскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. У снежні кіраўнікі дзвюх дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.

20 чэрвеня падчас прамой лініі Пуцін заявіў, што перад Расіяй і Беларуссю зараз не стаіць пытанне аб аб’яднанні ў адну дзяржаву. „Гаворка ідзе аб рэалізацыі дагавора, які быў падпісаны ўжо шмат гадоў таму, аб стварэнні так званай Саюзнай дзяржавы. Гэта не адзіная дзяржава, гэта не адно і тое ж, — падкрэсліў ён. — Але там, праўда, шмат элементаў — аж да стварэння саюзнага парламента, увядзення агульнай адзінай валюты і гэтак далей. Нешта не было зробленае з боку Расіі — Расія затармазіла, нешта не было зробленае з боку Беларусі”.