Пяць вершаў Адаму Міцкевічу
У Баранавічах у выдавецтве Алены Хахол выйшла з друку невялікая, але сімпатычная і арыгінальная кніжачка “Адам Міцкевіч”. Яна складаецца з пяці вершаў, прысвечаных Адаму Міцкевічу – класіку польскай і беларускай літаратуры. Аўтар вершаў – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і настаўніца Таццяна Яцук, якая жыве ў Баранавічах.
Зборнічак адкрываецца вершам “Чамброва”. У ваколіцах гэтага мястэчка каля вёскі Радагошча Наваградскага раёна часта бываў Адам Міцкевіч. Другі верш прысвечаны Свіцязі і Адаму Міцкевічу, трэці – альтанцы, дзе сустракаліся Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака, чацвёрты – гары Гарадзішча ў ваколіцах мястэчка Чамброва, куды наведваўся паэт. І ў пятым вершы паэтка хораша апела возера Свіцязь.
Кніжачка Таццяны Яцук “Адам Міцкевіч” рыхтуецца да выдання і на польскай мове.
Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы