Лідары і аўтсайдары нашых дзён



На фоне такіх маштабных падзей, як Еўрапейскія гульні ў Менску або пратэсты абураных грузінаў у Тбілісі, многія іншыя рэчы губляюцца. Яно і насамрэч – дробязі жыцця!

Адзін з ньюс-мейкераў беларускага лета – гарачыня. Чэрвеньская спёка б’е ўсе магчымыя тэмпературныя рэкорды. Марозіва яўна прадаецца паспяхова – і не толькі валашкавае!

Шэрым кардыналам айчыннай навіновай палітры застаюцца кошты. Яшчэ невядома, што там будзе з нашымі спартоўцамі на тых самых гульнях еўрапейскіх, а вось кошты нашы – зноўку ў лідарах. Гадавая інфляцыя ў Беларусі паскорылася да 6,2%. Найбольш выраслі кошты на прадуктовыя тавары – на 7,1%. У еўразоне сітуацыя па стану на травень – 1,2 %, а ў дзяржавах Еўразвяза – 1,6%. Нават многіх суседзяў мы паспяхова апярэдзілі…

Нічога, неяк будзем жыць з гэтым далей, спадарства… Не май 100 рублёў, а май 100 сяброў. І гэта не сумны жарт для нашых пустак і балот – праўда жыцця!

Вучоныя са Швейцарыі і ЗША правялі незвычайны дослед: у 335 гарадах і 40 краінах “згубілі” 17 тысячаў кашалькоў. Палова з іх была вернута. Пытанне – дзе? Першы радочак рэйтынгу добрасумленных дзяржаваў заняла Швейцарыя… Але тут часцей за ўсё вяртаюць… пустыя кашалькі. Поўныя ж найчасцей добрасумленна аддаюць у Швецыі, Даніі і Новай Зеландыі. Германія таксама ўвайшла ў Топ-10 самых сумленных дзяржаваў. Апошняе месца заняў Кітай, а Расея – дзесьці пасярэдзіне дадзенага спецыфічнага фінансавага рэйтынгу, прычым суседзі абагналі амерыканцаў і англічанаў.

Тым часам, калі вярнуцца да нашых грашовых рэалій, то варта сказаць пару словаў пра інфляцыйныя чаканні беларусаў. Дык вось, яны традыцыйна даволі высокія: па дадзеных Нацбанка за травень месяц толькі пятая частка беларусаў упэўненая: рост коштаў у бліжэйшыя 12 месяцаў запаволіцца. І гэта добрая навіна! Ажно 1/5 доля беларусаў – аптымісты? Неверагодны пазітыў. Абсалютна нечакана.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ