Летнік “АБ-БА” на Падляшшы
У мясцовасці Карыціны на Падляшшы, у месцы пад назвай “Зёлкавы закуток” праходзіць тыднёвы штогадовы этнаграфічны летнік для дзяцей.
Арганізатарам адукацыйна-пазнавальнага мерапрыемства выступае Аб’яднанне ў карысць дзяцей і моладзі якія вывучаюць беларускую мову „АБ-БА” і сёлета прысвечана яно вывучэнню традыцыяў свята “Купалле”.
Падрабязней кажа загадчыца летніка Аліна Ваўранюк, якая зараз з 20-цю вучнямі старэйшай групы знаходзіцца ў Карыцінах:
– Вучні, якія сюды прыехалі, вывучаюць купальскія песні. Таксама вышываем традыцыйныя купальскія матывы. Збіраем інфармацыю пра зёлкі, якія выкарыстоўваліся ў час святкавання гэтага свята. Гаворым увогуле пра раслінны свет, бо тут навокал невялікі лясок, у якім растуць характэрныя для Беласточчыны дрэвы. Ужо адбыліся майстар-класы па гліне. Кожны рабіў свой гліняны кубак. Праходзяць таксама адукацыйныя заняткі. Спалучаем традыцыйнае народнае мастацтва з сучаснай навукай.
Напрыканцы летніку да вучняў далучацца і іхнія бацькі, альбо іншыя чальцы сям’і. “Пакажам ім усё тое, чым займаліся”, – падсумоўвае Аліна Ваўранюк
Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Фэйсбук Stowarzyszenie AB-BA