Іван Бяленік: “Басовішча” – гэта мая маладосць і маё станаўленне



19-20 ліпеня 2019 году ў Гарадку на Беласточыне адбудзецца ХХХ юбілейны фэст “Басовішча”.  Для гараденскага прадпрымальніка Івана Бяленіка, які наведаў амаль дзясятак фэстаў, “Басовішча” – гэта лепшыя ўспаміны.

– Гэта мая маладосць. Нешта не дазволенае, нешта недзе далёкае, недзе за мяжой нашай Беларусі. Калі трэба было атрымоўваць нечакана складаныя візы. Гэта граніца. Але калі ты пераязджаеш гэтую граніцу, ты атрымліваеш такую нечаканую свабоду, такой нечаканы гонар – за гэтую моладзь, за гэтую Беларусь, якая, аказваецца, ёсьць.

На думку гарадзенца – ён будзе вельмі шкадаваць, што сёлетні фэст можа стаць апошнім.

– Гэта маё станаўленне. Гэта мой дарослы час. Мне вельмі крыўдна, што наступныя «Басы» будуць апошнімі. Я спадзяюся, што нешта атрымаецца, і фестываль будзе адбывацца ў нейкай новай форме. Гэта наша лета, мы заўсёды ведалі, што ў сярэдзіне лета мы едзем у Польшчу і мы слухаем добрую беларускую, польскую музыку, дыхаем гэтым паветрам свабоды, і гэта наша свабода, наш фестываль, наша музыка, наша жыццё.

Прадпрымальнік Іван Бяленік разам з сябрамі збіраецца наведаць юбілейны фэст “Басовішча” адмыслова каб паслухаць гарадзенскіх “Дзецюкоў” і Лявона Вольскага, а таксама сустрэцца з сябрамі.

Беларускае Радыё Рацыя