Пра беларускіх рэкрутаў



У Палату прадстаўнікоў паступіў праект закона “Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы”. На простай мове гэта азначае, што змяняюцца правілы для прызыўнікоў. У беларускім варыянце гэта азначае, што будзе толькі горш. Бо нічога добрага ў беларускай Палаце прадстаўнікоў за апошнія 20 год не прынялі.

Беларускім хлопцам можна толькі паспачуваць. Сітуацыя ў іх нават горшая, чым у пенсіянераў, якім падвысілі пенсійны ўзрост. Мала таго, што беларускае войска –далёкае ад ідэала. Гэта вам не NATO з іхняй вопраткай, ежай і побытавымі ўмовамі для салдат. Горш за беларускае войска можа быць толькі рускае, бо апошняе яшчэ і ў вайсковых сумнеўных аперацыях удзельнічае. На жаль, беларускае войска дагэтуль застаецца саўковым. Адсюль і дзедаўшчына, і спробы самагубства… Дык замест таго, каб неяк рэфармаваць войска, зрабіць яго сапраўды беларускім, з’яўляецца закон, які зробіць войска яшчэ больш саўковым і непапулярным. Самае галоўнае ў зменах, якія збіраюцца ўвесці, — гэта тое, што адтэрміноўка на навучанне будзе давацца толькі адзін раз. То бок адвучыўся, напрыклад, у тэхнікуме, а ва ўніверсітэт можна толькі пасля службы ў войску. Тое ж самае датачыць і магістратуры, і аспірантуры. Гэта ў Еўропе пасля ўніверсітэта можна займацца навуковай дзейнасцю. А ў Беларусі – не. У Беларусі спачатку кірзавыя боты панасі год, а потым ужо можаш вывучаць, як выратаваць чалавецтва ад ракавых захворванняў. Член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігар Мартынаў нічога кепскага ў магчымых змяненнях не бачыць. Маўляў, можна ўзяць акадэмічны адпачынак. Канешне, нічога кепскага. Падумаеш, самыя плённыя часы для маладога чалавека, якія б маглі пайсці на навучанне, пойдуць на войска, якое, самае прыкрае, ад патэнцыйнага агрэсара не факт, што і абароніць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ