Паездкі ва Украіну па тавары ўзнавіліся
Паездкі ва Украіну жыхароў Берасцейшчыны па тавар, спыненыя Майданам і ваеннымі падзеямі, апошнім часам узнавіліся і набылі вялікую папулярнасць у сувязі з ростам цэн у Беларусі.
Беларусаў не пужаюць ні ваенныя падзеі, ні „бандэраўцы”, тым больш, што на тым баку пераважае сумленнасць з боку ўкраінцаў і якасць тавараў, якія ў некалькі разоў танней, чым у Беларусі, кажа адна з наведвальніц Украіны:
– Самі прадаўцы запрашаюць: „Усё ў нас ціха, спакойна”. Быў нават такі прыклад, што жанчына набыла жалюзі на рынку, насіла з сабой насіла, а падчас чарговай пакупкі забылася ў прадаўца. Яе людзі дагналі, знайшлі, вярнулі яе жалюзі, якія яна думала безнадзейна страчаныя. Запрашаюць, дастаткова міралюбіва ставяцца, вельмі ветліва. Яны зацікаўлены ў тым, каб да іх ездзілі – гэта іх хлеб. Я гляджу ўкраінскія тэлеканалы і аб’ектыўна ўспрымаю, тое, што там адбываецца.
Па словах жанчыны, перад навагоднімі святамі чарга аўтамабіляў на беларуска-ўкраінскай мяжы дасягала некалькіх кіламетраў. Паводле інфармацыі асобаў, якія ездзяць ва Украіну на электрычцы, бывае такі вялікі наплыў людзей, што ўсе змясціцца не могуць і даводзіцца начаваць на вакзале. Тым не менш пасажырапаток ва Украіну не змяншаецца.
Беларускае Радыё Рацыя