У Беларусі аранжавы ровень небяспекі з-за спёкі



У Беларусі з-за спякоты другі дзень абвяшчаецца аранжавы ровень небяспекі, а 26 чэрвеня пабіты тэмпературны рэкорд за ўвесь перыяд метэаназіранняў – месцамі да 34 градусаў.

З-за анамальнай цеплыні ў некаторых раёнах краіны выклікі „хуткай дапамогі” павялічыліся ў 2-3 разы, – паведамляе Мінздраў.

Па словах лекара Дзмітрыя Корбута, пры такім надвор’і трэба абмежаваць знаходжанне на вуліцы:

– У спёку неабходна насіць лёгкую вопратку, пажадана, каб яна была свабоднай і з натуральнай тканіны. Абавязкова з сабой насіць пэўную колькасць вады ў бутэлечцы, каб пры нагодзе яе можна было выпіць. У спёку вышэй за 27 градусаў не пажадана выходзіць на вуліцу, асабліва ў гадзіны найбольшай сонечнай актыўнасці – недзе ад 11 да 17 гадзін.

Медыкі нагадваюць, што перагрэў арганізма і тэмпературны ўдар можа напаткаць кожнага, але больш за ўсё спякота нясе небяспеку асобам з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Беларускае Радыё Рацыя