Таварыству беларускай мовы 30 гадоў



27-га чэрвеня 1989 года прайшоў устаноўчы з’езд Таварыства беларускай мовы. Пра дзейнасць на ніве адраджэння роднай мовы ва ўсіх сферах жыцця кажуць ветэраны ТБМ.

У арганізацыі хапае сілаў, каб нагадваць пра беларускую мову ўладам, а таксама спрыяць росту саматоеснасці беларусаў, кажа Іван Буднік:

– За 30-ць гадоў было зроблена шмат цікавага і значнага. Хацелася адзначаць, калі ішло першае 10-годдзе, тады быў такі ўздым, пад’ём. Я думаю, што таварыства будзе і далей дзейнічаць, будзе пашырацца, аўтарытэт яго будзе расці, прыйдуць новыя пакаленні, маладое пакаленне, якое прынясе яшчэ большую энергію таварыству. 

 

Сябры Таварыства беларускай мовы з’яўляюцца той соллю зямлі, якая змяняе людзей. Хаця гэта не лёгка, але плён есць. Прынцып прыёму ў арганізацыю не ставіць строгі філалагічны характар, каб сябры валодалі мовай. Згадвае першыя гады існавання ТБМ імя Францішка Скарыны, выкладчык ды пісьменнік Віктар Варанец:

– Грунтаваўся спачатку не на мове, а на адносінах да мовы. Людзі, якія паважалі родную, нацыянальную мову, якія разумелі, што яна павінна быць першаснай мовай для тытульнай нацыі краіны, яны яе хацелі адрадзіць. Няхай не ўсе нават размаўлялі, у нас былі людзі, якія толькі пачыналі размаўляць па-беларуску. Я заўсёды казаў, да любой справы павінен быць нейкі пераходны перыяд, трасянка – гэта таксама пераходны перыяд.

 

Гарадзенскія сябры Таварыства беларускай мовы з нагоды 30-годдзя арганізацыі 27-га чэрвеня наведаюць  беларускую пастаноўку „Клеменс” у абласным драматычным тэатры.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня