Актывісткам ініцыятывы „Маці 328” паабяцалі сустрэчу з Качанавай
Актывісткам ініцыятывы „Маці 328” паабяцалі ў найбліжэйшы час сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. Пра гэта БелаПАН паведаміла лідар ініцыятывы Ларыса Жыгар пасля сустрэчы з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Мікалаем Снапковым 27 чэрвеня.
„На сустрэчу хадзілі трое з мам. З тых, хто трымае галадоўку, была толькі я, — расказала Жыгар. — Нас прыняў намеснік Качанавай Мікалай Снапкоў. Сустрэча доўжылася каля 45 хвілін, дыялог адбыўся канструктыўны. Снапкоў сказаў, што ведае нашу сітуацыю, з Качанавай яе абмяркоўвалі, яна гатова сустрэцца з намі”.
Паводле яе слоў, на сустрэчы прысутнічаў супрацоўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Рыгор Шлык, які адказвае за працу са зваротамі грамадзян. Ён пацвердзіў жанчынам, што Наталля Качанава з імі сустрэнецца. „Але я ім сказала, што маці галадаюць ужо 16-ты дзень і нам трэба афіцыйнае пісьмовае пацвярджэнне, што Качанава нас прыме. Толькі калі мы атрымаем такое пацвярджэнне, мы, магчыма, абмяркуем спыненне галадоўкі. Пакуль мы галадоўку спыняць не маем намеру”, — заявіла Жыгар.
Паводле яе слоў, маці асуджаных паабяцалі выслаць такое апавяшчэнне ў найбліжэйшыя дні. Сустрэча з Качанавай павінна адбыцца да 10 ліпеня.
Дзень таму Жыгар паведаміла БелаПАН, што 28 чэрвеня ўсе ўдзельніцы галадоўкі маюць намер прыехаць у Адміністрацыю прэзідэнта. „Мы памянялі планы. Заўтра не пойдзем, бо не хочацца ствараць канфліктнай сітуацыі. Чакаем сустрэчы з Качанавай”, — сказала лідар ініцыятывы сёння.
Галадоўка маці асуджаных па арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) праходзіць з 11 чэрвеня ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. З першага дня ў ёй удзельнічаюць Ала Бярналь, Алена Кузьміна і Людміла Кулініч. 22 чэрвеня да іх далучылася Ларыса Жыгар. Жанчыны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Наталляй Качанавай, новым кіраўніком МУС Юрыем Караевым, а таксама карэкціроўкі антынаркатычнага артыкула і стварэння камісіі па пераглядзе крымінальных спраў ужо асуджаных па арт. 328.
13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі, якія прадугледжваюць зніжэнне ніжніх межаў пакарання па ч. 2 і 3 гэтага артыкула на два гады. Як тлумачыў БелаПАН член камісіі па нацыянальнай бяспецы Васіль Чакан, пасля ўваходжання паправак у сілу для тых, хто ўжо асуджаны па ч. 2 і 3 арт. 328 КК, магчымы перагляд спраў, але не аўтаматычна, а па хадайніцтве асуджанага.
belapan.by