Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і ІПНу дыскутавалі па тэме „Бурага”



„Буры” як герой шэсця выклятых жаўнераў у Гайнаўцы гэта грубая памылка, – кажа Казімеж Краеўскі з Інстытута нацыянальнай памяці ў Варшаве.

Тэма капітана Рамуальда Райса „Бурага”, адказнага за смерць цывільных ахвяраў беларускай нацыянальнасці ў 1946 годзе, уздымалася на паседжанні Супольнай камісіі ўраду і нацыянальных меншасцяў. Прычынай дыскусіі была заява, апублікаваная на сайце ІПН у сакавіку гэтага года, у якой група гісторыкаў аспрэчвае вынікі следства з 2005 года, паводле якога дзеянні «Бурага» былі вызначаны злачынствам па нацыянальных і этнічных прыкметах. Казімеж Краеўскі, які на паседжанні камісіі прадстаўляў бок ІПН, адмовіўся ад каментару. У сваю чаргу Славамір Іванюк, прадстаўнік беларусаў, называе інтэрнэт-публікацыю ілжывай.

– Пастанова камісіі нацыянальных меншасцяў, думаю, неяк уздзейнічае. І гэтыя, так званыя камунікаты, знікнуць з ІПН-айскай старонкі. А пакуль таксама з вуснай прадстаўніка ІПНу, думаю. Ён перадумаў свае ранейшыя выказванні, і згадзіўся з намі, што гэты марш у Гайнаўцы, які пахваляе Бурага, – гэта дрэнная справа.

Адназначна супраць публікацыі на сайце ІНП і пазіцыі, якую прэзентаваў прадстаўнік Інстытута на паседжаннік камісіі, выказалася большасць удзельнікаў паседжання ад нацыянальных меншасцяў, – кажа Стэфан Дудра, гісторык, прадстаўнік лемкоўскай меншасці.

– Меншасці, і не толькі прадстаўнікі беларускай меншасці, павінны рэагаваць на такія выказванні. Павінны займаць сваю пазіцыі. І такую пазіцыю спрабавалі мы тут прадставіць. Аргументаваць, што няма згоды на фальшаванне гісторыі польскай дзяржавы.

Інстытут нацыянальнай памяці прызнае, што некаторыя фармулёўкі ў тэксце аказаліся неадэкватнымі, але надалей абараняе дзеянні капітана Рамуальда Райса „Бурага” і яго падкамандных, якія ў 1946 годзе забілі 79 мірных жыхароў Бельскага павета, кажучы пра патрыятычныя імканенні жаўнераў польскага падполля, а смерць дзяцей і жанчын называе выпадковасцю.

Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя