Журналістка тыднёвіка “Ніва” выступіла ў Жыровічах
“Для мяне гонар і шчасце пабываць на святой зямлі ў Жыровічах, а двайное шчасце тут выступіць перад чытачамі”, — гэтымі словамі пачала сваю сустрэчу з жыхарамі вёскі Жыровічы Слонімскага раёна журналістка беларускага тыднёвіка “Ніва”, які выдаецца ў Беластоку, Ганна Кандрацюк.
Сустрэча адбылася ў Жыровіцкай сельскай бібліятэцы, якая знаходзіцца ў мясцовым Цэнтры культуры. Пазнаёміў з госцяй вяскоўцаў пісьменнік Сяргей Чыгрын. А потым выступала Ганна Кандрацюк. Яна распавяла пра тое, што любіць вандраваць па свеце, сустракацца з людзьмі, але найбольш яе хвалююць тыя мясціны і краіны, дзе жывуць беларусы. Пра іх журналістка з радасцю і піша.
Падчас сустрэчы ў Жыровічах Ганна Кандрацюк адказвала на пытанні, бо іх было даволі шмат. Вяскоўцы пыталіся пра беларусаў Беласточчыны, пра іх жыццё і справы, пра тое, што найбольш сёння чытаюць у Польшчы. Аказваецца, маладзейшае пакаленне ў Польшчы любіць чытаць фантастыку і гісторыка-краязнаўчую літаратуру. Самой Ганне Кандрацюк даспадобы творы Зміцера Бартосіка, Барыса Пятровіча і Святланы Алексіевіч.
Паэт Зьніч, які жыве ў Жыровічах, падзякаваў госцю за яе творы, і падараваў ёй жыровіцкія друкаваныя выданні. А загадчыца бібліятэкі Наталля Васілеўская прыпаднесла букет кветак і запрасіла ў Жыровічы прыязжаць часцей.
Ганна Кандрацюк у сваю чаргу падаравала для бібліятэкі некалькі нумароў тыднёвіка “Ніва” і ўласныя кнігі з аўтографамі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара