Драйв, а не прымус



Многія спартовыя мерапрыемствы апрыёры стратныя, нават у паспяховых у плане спорту дзяржавах… Ці паспяховыя мы, беларусы, у спорце? Пытанне спрэчнае і нявырашанае.

На першы погляд зусім не фанаткі – зусім не паспяховыя як раз тыя віды спорту, якія шчодра датуюцца дзяржавай з кішэні падаткаплацельшчыкаў… Часова маем новы трэнд – спрачацца (у фэйсбуку найперш!), шмат або мала грошай патрацілі беларусы на Еўрапейскія гульні. Спрачацца чамусьці не хочацца… Напэўна, па прычыне перепадаў тэмператур і атмасфернага ціску… Цяжка дыхаць… А тут яшчэ прыход анамальнай гарачыні з Еўропы абяцаюць, быццам тое, што было ў нас – і не гарачыня зусім, а так, жарты дзіцячыя, гульні!

Дарэчы, на цырымоніі закрыцця Еўрапейскіх гульняў у Менску будзе спяваць Мікалай Баскаў. Якое дачыненне гэты персанаж мае да Еўропы або спорту? Пытанне завісае ў паветры, быццам туман над балотамі… Бы імжа… І ты разумееш, што поспех і беларусы – паняцці, якія цудоўна спалучаюцца, але не ў сферы спорту. Усё ж мы нацыя паэтаў і… перакладчыкаў..

Журы зацвердзіла поўны спіс намінантаў на перакладчыцкую прэмію імя Карласа Шэрмана (удзельнічаюць мастацкія кнігі, перакладзеныя на беларускую мову і выдадзеныя ў папяровым ці электронным выглядзе цягам 2018 года!) Дык вось, шаноўныя, на галоўную ўзнагароду прэтэндуе 47 кніг (!), перакладзеных з 16 (!) моваў. Сярод іх – ідыш, санскрыт, турэцкая і японская мовы.

Сёлета журы абірае трох пераможцаў у трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі. Шыкоўная палітра тэкстаў і моваў – ёсць з чаго выбіраць! Гэта здорава. Па-еўрапейску. І перакладаюць беларусы часцей за ўсё па натхненні, для душы… А грошы заўжды ідуць туды, дзе ёсць драйв, а не прымус! Так і павінна быць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ