Латышскае свята “Ліга” – у беларускім Віцебску



Гэтымі днямі Віцебск адзначае 1045-я ўгодкі. Праграма святкаванняў размеркавана на 4 дні, і 28 чэрвеня ў шэрагу юбілейных імпрэзаў праводзіцца фэст латышскай культуры  народнае свята “Ліга”.

У Беларусь прыехала вялікая дэлегацыя з суседняй краіны, распавяла дырэктарка культурна-гістарычнага комплексу “Дзвіна” Алена Чарных:

– Свята “Ліга “мы арганізуем разам з консульствам Латышскай рэспублікі, разам з арганізатарамі з Латвіі – гэта праграма “100-годдзе Латвіі”. Прыехалі сюды творчыя калектывы, фермерскія гаспадаркі і народныя майстры – каб паказаць, як латышы адзначаюць гэтае свята.

Свята “Ліга” адзначаецца ў час летняга сонцастаяння, і шмат у чым падобнае да беларускага “Купалля”. Падчас святкаванняў таксама паляць вогнішчы, скачуць цераз іх, і таксама шукаюць папараць-кветку. Але, паводле латышскага фальклору, проста знайсці яе – мала, тлумачыць Дайніс Платацыс з Дагдскага краю:

– Калі ты абуваеш пасталы – гэта такі абутак – то яго трэба абуваць навыварат і ісці ў зараснікі папараці. І Калі папараць-кветка трапіць табе ў абутак, то ты будзеш бачыць тое, чаго не бачаць іншыя, і ведаць думкі ўсіх людзей.

Як вядома, папараць на гарадскім бруку не расце, таму ўдзельнікі свята яе не шукалі. Затое на канцэртнай пляцоўцы можна было паглядзець канцэрт з удзелам як латышскіх, так і беларускіх самадзейных выступоўцаў. А таксама пачаставацца і беларускімі народнымі прысмакамі, і знакамітымі латышскімі – хлебам, сырам і півам.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя