МЗС: Беларусь чакае кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы з візітам



 Беларусь па-ранейшаму чакае візіту папы рымскага, заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка 27 чэрвеня ў Мtнску на ўрачыстым прыёме, арганізаваным апостальскай нунцыятурай з нагоды шостай гадавіны пантыфікату папы Францішка, паведамляе афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Намеснік міністра выступіў з прывітальным словам ад імя ўрада. Ён адзначыў, што Беларусь вельмі зацікаўленая ў далейшым плённым развіцці адносін са Святым прастолам, пачатак якім быў пакладзены больш за чвэрць стагоддзя таму.

„Мы высока цэнім намаганні папы Францішка, накіраваныя на ўмацаванне міжканфесійнай згоды, забеспячэнне ўзаемаразумення паміж народамі, — падкрэсліў чыноўнік. — Нам блізкія ідэі яднання і згуртаванасці, да якіх звяртаецца папа Францішак і якія ўвасаблялі на сваім шляху святыя апосталы Пётр і Павел”.

Паводле слоў Краўчанкі, у Беларусі і Святога прастола аднолькавыя пазіцыі ў разуменні сацыяльнай справядлівасці і традыцыйных каштоўнасцяў. Ён выказаў надзею на далейшае развіццё супрацоўніцтва, поўнага павагі і даверу, і заявіў: „Чакаем кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы з візітам у Рэспубліку Беларусь”.

Афіцыйны Менск даўно чакае прыезду пантыфіка ў Беларусь. Падчас візіту ў Ватыкан у траўні 2016 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў папу рымскаму Францішку сустрэцца з патрыярхам Кірылам на беларускай тэрыторыі. Незадоўга да гэтага, у лютым, кіраўнік Святога прастола сустракаўся з прадстаяцелем РПЦ на Кубе.

Пасля сустрэчы з папам рымскім Лукашэнка заявіў: „Я выказаў думку, што пантыфіку пара прыехаць у Беларусь і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі”. Сваю прапанову ён паўтарыў на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы 28 верасня 2017 года ў Мінску.

1 лютага гэтага года папа Францішак прыняў у Апостальскім палацы — сваёй афіцыйнай рэзідэнцыі — дэлегацыю беларускіх каталіцкіх біскупаў, якія прыбылі ў Ватыкан з традыцыйным тыднёвым візітам Ad limina apostolorum („да апостальскіх парогаў” у перакладзе з латыні). На сустрэчы пантыфік паведаміў, што ў 2018 годзе яго візіт у Беларусь немагчымы, бо гадавы графік візітаў ужо распісаны. Па выніках сустрэчы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэрв`ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё заявіў, што папа Францішак „вельмі і вельмі хацеў бы прыехаць”.

Згодна з негалосным правілам, якога прытрымліваецца Святы прастол, візіт папы рымскага ў краіну, дзе большасць прадстаўленая не каталіцкім насельніцтвам, магчымы толькі са згоды кіраўніцтва найбольш распаўсюджанай у краіне царквы. У дадзеным выпадку гэта азначае, што для візіту ў Беларусь пантыфіку неабходная прынцыповая згода патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, бо РПЦ лічыць Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй, а большасць вернікаў — праваслаўныя.

У лістападзе 2018 года прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла іерэй Аляксандр Волкаў на ліст БелаПАН з пытаннем, ці звярталася Рымская курыя ў Маскоўскі патрыярхат па згоду прадстаяцеля РПЦ на наведванне папам рымскім Беларусі, адказаў, што „візіт папы рымскага ў кананічныя межы Рускай праваслаўнай царквы не стаіць на парадку дня адносін” паміж РПЦ і Рымска-каталіцкім касцёлам.

„Такога запыту (на візіт папы рымскага. — БелаПАН.) няма з боку вернікаў, пэўная частка якіх дастаткова крытычна ацэньвае сам факт любых кантактаў праваслаўных з каталікамі. Такое стаўленне, вядома, не можа з`яўляцца крыніцай для фарміравання афіцыйнай царкоўнай пазіцыі, але гэтае меркаванне многіх вернікаў свяшчэннаначалле Рускай царквы ўлічвае”, — сказаў іерэй Волкаў.

Прэс-служба Святога прастола на ліст БелаПАН з аналагічным пытаннем не адказала.

belapan.by