«Этна інспірацыі» – на Падляшшы стартуе Акадэмія рукадзелля



Ці можна спалучыць мінулае з сучасным? Ці народная творчасць, звязаная з колішнім жыццём у беларускіх вёсках Падляшша, знойдзе сваіх аматараў у ХХІ стагоддзі?

На Падляшшы стартуе Акадэмія рукадзелля – «Этна інспірацыі», якая цягам трох бліжэйшых месяцаў наведае гміны Чыжы, Дубічы Царкоўныя і Гайнаўка. Праект фінансаваны Нацыянальным Цэнтрам Культуры ў рамках праграмы Этна Польшча 2019, рэалізуе Фонд «Яны гэта Мы» з Гайнаўкі.

«Мы са сваім праектам выходзім перш за ўсё да жыхароў невялікіх вёсак, яны будуць інструктарамі і «студэнтамі» нашай Акадэміі», – кажа старшыня фонду Наталля Герасімюк.

– Стараемся шукаць людзей у кожнай гміне, у кожнай вёсцы. Праз гэтую акадэмію мы будзем імкнуцца, каб гэтых людзей выцягнуць, каб паказаць іх вартасць. Ім самім паказаць тую вартасць. Паказаць, што яны ўмеюць, таму што ўмець і не паказаць, умець і не скарыстацца – гэта закопванне талентаў у зямлю.

Акадэмія рукадзелля – гэта серыя майстар-класаў па народнаму рукадзеллю поўных этнаграфічных інспірацыяў. Удзельнікі заняткаў пазнаёмяцца з тым, як паўстаюць народныя ўзоры, інспіраваныя мясцовым фальклорам, даведаюцца пра іх сімвалічнае і абрадавае значэнне, – кажа каардынатар праекту Анна Несцярук.

– Таксама гэта такое даследаванне, каб зразумець, ці хоча моладзь навучыцца гэтага рукадзелля, ці гэта ім трэба. Пры кожнай лекцыі будзем размаўляць, інфармаваць.

Першыя заняткі Акадэміі рукадзелля «Этна інспірацыі» стартуюць ужо ў бліжэйшы аўторак ў вясковай святліцы ў Курашаве, што ў гміне Чыжы на Гайнаўшчыне. Цягам тыдня будзе можна навучыцца вырабу кветак з каляровай паперы ад народнай майстрыхі Вольгі Несцярук і разьбы па дрэве ад народнага скульптара Уладзіміра Наумюка.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя