Беларусь удвая павялічыла экспарт харчавання ў Кітай
Беларусь у студзені—красавіку ўдвая (да 22 млн даляраў) павялічыла экспарт прадуктаў харчавання ў Кітай у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў на беларуска-кітайскай выставе тавараў і паслуг у індустрыяльным парку „Вялікі камень”.
„Прагназавалася, што малако і мяса будуць самымі вялікімі драйверамі росту. Малако займае ў аб’ёме экспарту 34% (7,6 мільёна даляраў), мяса — 28% (6 млн). З сегмента мяса вельмі бурна растуць пастаўкі мяса птушкі. Сёння яго пастаўляюць пяць прадпрыемстваў, нядаўна мы пашырылі спіс прадуктаў з мяса птушкі і будзем рухацца ў гэтым кірунку далей і пашыраць колькасць саміх прадпрыемстваў для паставак, у тым ліку плануем адкрыць пастаўкі мяса ялавічыны”, — паведаміў Багданаў.
Гаворачы аб малочнай прадукцыі, ён заўважыў, што цяпер у асноўным пастаўляецца сыравіна — сухое малако, сыроватка і масла. „Мы актыўна прасоўваем на кітайскі рынак гатовую малочную прадукцыю — малако пастэрызаванае, марозіва, сыры. Хочам зрабіць так, каб гатовая малочная прадукцыя трапляла на паліцы кітайскіх крам і брэнд „Зроблена ў Беларусі” стаў вядомы”, — сказаў кіраўнік упраўлення.
Ён таксама адзначыў паспяховую работу сумеснага гандлёвага дома. Праз яго ў Кітай за апошнія паўгода пастаўлена сем поўнакантэйнерных цягнікоў з беларускай прадукцыяй (41 вагон, 1.025 тон сухога малака).
Сярод перспектыў ён назваў пастаўкі раслінаводчай прадукцыі. „Цяпер мы працуем над сертыфікацыяй для паставак на кітайскі рынак”, — паведаміў Багданаў.
У 2018 годзе экспарт сельгаспрадукцыі ў Кітай вырас у 4,4 разу і склаў 82,4 млн даляраў. Яго аснову склала малочная прадукцыя — 186,5 тыс. тон (у 13 разоў больш) на 68,5 млн даляраў (у 9 разоў больш). Упершыню былі сфарміраваныя чатыры кантэйнерныя цягнікі з сухім малаком і сыроваткай ад прадпрыемстваў Магілёўскай і Менскай абласцей. Ялавічыны пастаўлена на 1,3 млн долараў, марозіва — на 122 тыс. даляраў.
belapan.by