МТС і velcom | A1 павысілі тарыфы на сотавую сувязь



 Два найбуйнейшыя па колькасці абанентаў беларускія тэлекам-аператары 1 ліпеня павысілі тарыфы на паслугі сотавай сувязі.

У прыватнасці МТС на сваім сайце інфармуе аб павышэнні тарыфаў на асноўныя паслугі сотавай сувязі на 4,3% да ўзроўню наяўных тарыфаў. „Змена абумоўленая развіццём інфраструктуры для павышэння якасці паслуг”, — растлумачыць аператар.

„Змена кошту тарыфаў на асноўныя паслугі МТС — абаненцкую плату па тарыфных планах, галасавыя выклікі, мабільную перадачу даных і іншыя паслугі — ажыццяўляецца ў межах, устаноўленых рэгулятарам у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, — падкрэслівае аператар.

Пры гэтым удакладняецца, што „змена тарыфаў на паслугі фіксаванага інтэрнэту для фізічных асоб, кантэнтныя сэрвісы, паслугі сувязі ў роўмінгу і іншыя дадатковыя паслугі можа быць у іншым памеры”.

Правайдар тэлекам-, ІКТ- і кантэнт-паслуг velcom | A1 таксама інфармуе аб змене ўмоў абслугоўвання па некаторых тарыфных планах мабільнай сувязі для фізічных і юрыдычных асоб з 1 ліпеня. Так, на дзейных папулярных тарыфных планах пашыраны пакет паслуг, якія ўключаныя ў абаненцкую плату: павялічаны аб’ём інтэрнэт-трафіку або дабаўленыя хвіліны на тэлефанаванні ў іншыя сеткі ці SMS. Пры гэтым павелічэнне кошту большасці тарыфных опцый не перавысіць 4,3%, сцвярджаюць у кампаніі.

У грашовым эквіваленце для кліентаў — фізічных асоб абноўленай лінейкі „Привет” штотыднёвы/штомесячны плацеж павялічыцца ад 9 да 40 капеек у залежнасці ад тарыфнага плана і абранай опцыі аплаты.

Беларуска-расейскае СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы” — найбуйнейшы па колькасці абанентаў аператар у Беларусі. Яго абаненцкая база перавышае 5,5 млн карыстальнікаў.

Velcom | A1 — найбуйнейшы прыватны правайдар тэлекамунікацыйных, ІКТ- і кантэнт-паслуг у Беларусі. Абанентамі мабільнай сувязі аператара з’яўляюцца больш за 4,87 млн.

belapan.by