Сазопаль – места выратавання



Балгарыя – актыўны турыстычны кірунак для беларусаў у перыяд летніх адпачынкаў. Але кожнаму, мяркую, даспадобы адпачываць на беразе цёплага мора пры меншай колькасці людзей. Сазопаль выгадна адрозніваецца ад іншых пляжных курортаў Чорнага мора. Пакуль у ваколіцах Сазопаля не дужа людзей, пры чыстым беразе і чыстай, празрыстай вадзе з пяшчаным дном.

Да Сазопаля можна дабрацца рознымі варыянтамі. З Гародні зручнейшы варыянт – самалётам, але ёсць магчымасць аўтобусам праз Берасце.

Места Сазопаль мае даўнюю гісторыю, як калонія мілецкіх грэкаў, якія яшчэ ў сёмым стагоддзі да нашай эры заснавалі Апалонію. У гонар Апалона была ўсталявана 13-метровая статуя бога з бронзы. Балгары, цяперашнія жыхары Сазопаля, перакананыя, што гэтая статуя цяпер знаходзіцца ў калекцыі рымскага капітолія. Яе туды, паводле гістарычных апісанняў, перавёз вайсковы начальнік Рыма Марк Люкул, які і зруйнаваў Апалонію ў 72 г. да н.э.

Толькі за Бізантыйскім панаваннем горад быў перайменаваны на Сазопаліс – места выратавання. Былі ўзведзены крэпасныя муры, а бухта стала зручным месцам для гандлёвага порту. Цяпер турысты змогуць убачыць у старым Сазопалі рэшткі муроў і вежаў старой крэпасці і цэркваў.

Напамін пра рыбацкае мінулае і сучаснае Сазопаля, як экспанаты для турыстаў.

Праваслаўныя цэркаўкі ў Сазопалі маленькія. Найбольшая – гэта царква Святых Кірыла і Мятода. На фота справа.

Сярод помнікаў архітэктуры і балгарскага адраджэння 18-га стагоддзя можна ўбачыць у Сазопалі – гэта царква Святой Багародзіцы з прыгожым іканастасам, ансамбаль драўляных дамоў. У царкве Святога Георгія ( Юр’я) знаходзяцца мошчы Яна Папярэдніка.

Што ў Сазопалі варта паглядзець: паўднёвыя гарадскія муры, вежу, адведаць рэстаран балгарскай кухні „Ветраны млын”. Але запіс туды папярэдні.

Віктар Парфёненка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара