БНФ заклікае называць беларускую мову роднай падчас перапісу



Сойм Партыі БНФ прыняў заяву з нагоды набліжэньня перапісу насельніцтва, які запланаваны на кастрычнік гэтага году. БНФ заклікае беларусаў падчас адказаў на пытанні перапісу, якія датычныя роднай мовы, дбаць пра нацыянальныя інтарэсы і называць беларускую мову ў якасці роднай.

 
 

Крытыкуючы фармулёўкі пытанняў перапісу, датычныя мовы, БНФ перасцерагае ад выкарыстання вынікаў перапісу як абгрунтавання для далейшага наступу на беларускую мову, задушэння нацыянальнай ідэнтычнасці, парушэння правоў людзей.”Мы заклікаем да шырэйшага ўжывання беларускай мовы ў грамадскім і прыватным жыцці, у тым ліку размаўляючы на белаускай мове дома ў якасці мовы штодзённых стасункаў.  Мы звяртаемся да кожнага беларуса, якому неабыякавы лёс нашай нацыі і нашай краіны, з заклікам на ўсе пытанні, датычныя мовы, незалежна ад іх фармулёвак (родная мова; першая мова, засвоеная ў дзяцінстве; мова штодзённых стасункаў) шчыра пазначаць БЕЛАРУСКУЮ МОВУ” – гаворыцца ў заяве.

 

Ніжэй заява Сойму Партыі БНФ падаецца цалкам.

 

У кастрычніку гэтага году адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва Беларусі. Фармулёўкі пытанняў, што тычацца нацыянальнай і моўнай ідэнтычнасці, у першую чаргу – роднай мовы, выклікаюць вялікую заклапочанасць.

Падчас мінулага перапісу 2009 году дадаванне да простага пытання “Якая вашая родная мова?” дадатковых тлумачэнняў (“мова якая была першая засвоеная ў дзяцінстве”, “на якой мове пераважна размаўляеце дома”) прывяло да таго, што з 73% да 53% знізілася колькасць тых, хто назваў беларускую мову роднай, з 37% да 23% стала менш тых, хто сказаў, што дома гаворыць пераважна па-беларуску.

У 2019 годзе пытанні перапісу (нумар 12 і 13) ізноўку гучаць з падобнымі недарэчнымі ўдакладненнямі. Існуе небяспека, што замест таго каб адзначыць рост нацыянальнай свядомасці, перапіс адлюстрое вынікі той даўгатэрміновай палітыкі русіфікацыі, якая вялася расейскай імперыяй, савецкім рэжымам, і ў пэўнай ступені працягваецца ўладамі цяперашняй незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Ва ўмовах дыскрымінацыі беларускай мовы (асабліва балючай ў сферы адукацыі і вядзення дзяржаўных справаў) недарэчныя фармулёўкі пытанняў перапісу могуць быць скарыстаныя як абгрунтаванне для далейшага наступу на беларускую мову, задушэння нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, парушэння правоў людзей. Калі па выніках перапісу будзе паказанае змяншэнне ўжывання беларускай мовы грамадзянамі Беларусі, гэта станецца апраўданнем яшчэ большага выціснення беларускай мовы са сфэраў дзяржаўнага кіравання, адукацыі, СМІ.

Партыя БНФ заклікае ўсіх беларусаў падчас адказу на гэтыя пытанні перапісу дбаць пра беларускі нацыянальны інтарэс: беларусы як самастойная нацыя маюць сваю родную мову, гэта мова беларуская, і ў гэтай якасці яна павінная быць названая роднай мовай падчас перапісу. Станоўчыя вынікі перапісу, якія пакажуць рост ужывання беларускай мовы, могуць быць скарысаныя для карэкціроўкі дзяржаўнай палітыкі на карысць беларускай мовы.

Мы заклікаем да шырэйшага ўжывання беларускай мовы ў грамадскім і прыватным жыцці, у тым ліку размаўляючы на белаускай мове дома ў якасці мовы штодзённых стасункаў.

Мы звяртаемся да кожнага беларуса, якому неабыякавы лёс нашай нацыі і нашай краіны, з заклікам на ўсе пытанні, датычныя мовы, незалежна ад іх фармулёвак (родная мова; першая мова, засвоеная ў дзяцінстве; мова штодзённых стасункаў) шчыра пазначаць БЕЛАРУСКУЮ МОВУ.

Такім чынам мы разам дадзім шанец беларускай мове пазбавіцца шалёнага ціску русіфікацыі і захаваем песпектывы самастойнага развіцця для нашай нацыі.

Перапіс 2019 года павінны паказаць істотнае павелічэнне ужывання беларускай мовы як важнага індыкатара нацыянальнай ідэнтычнасці.

Беларуская мова – гэта родная мова  беларускага народу, гэта тое, што нас яднае ў нацыянальную супольнасць.

Пазначайце сябе беларусамі, тлумачце важнасць такога ўчынку сваім сябрам, родным, калегам па працы.

Жыве Беларусь!