30 гадоў Крыжу Пакуты ў Курапатах



Сёлета 30 гадоў з таго часу, як у Курапатах усталявалі Крыж Пакуты. 

Змаганне за праўду пра Курапаты працягваецца ўжо  больш за трыццаць гадоў.

Курапаты – месца масавых расстрэлаў у СССР.

Дзень ушанавання продкаў Дзяды ў 1988 годзе ў Менску – першая масавая акцыя, якая абудзіла грамадства і мела вялікі ўплыў на развіццё дэмакратычных падзеяў у Беларусі на мяжы 1980-1990-х гадоў.

Гэта была першая акцыя, калі на вуліцах Менску публічна затрымлівалі людзей за ўдзел у мірным масавым шэсці.

29 кастрычніка на Дзяды 1989 году ў Менску тысячы людзей прайшлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі першыя крыжы, цэнтральны з якіх назвалі Крыж Пакуты. 

Зянон Пазняк згадваў: „Каб восем кіламэтраў несці цяжкі Крыж, была створаная каманда чалавек шэсцьдзесят, якія мелі знакі на адзенні – белы шасьціканцовы крыж на чырвоным фоне. Але па ходу шэсця мноства людзей падыходзілі і па пераменцы неслі Крыж. Кожны хацеў яго несці і далучыцца да містэрыі. Такім чынам, і тут створаны сымбаль – курапацкі Крыж прынёс на руках сам народ. У Курапатах гучэў Рэквіем. Пад гукі Рэквіему паднялі і паставілі Крыж. Святары ўсіх чатырох хрысьціянскіх канфэсіяў, па чарзе, асвяцілі Крыж ”.

Многія людзі, якія бралі ўдзел 29 кастрычніка 1989 года ў масавым шэсці да Курапатаў, у далейшым адыгралі выключна важную ролю ў станаўленні Беларусі як незалежнай дзяржавы, у развіцці беларускай культуры, у цяжкай барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў краіне, якая працягваецца і дагэтуль.

 

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ