У Менску праходзіць чарговы раўнд перамоў па Украіне



У Менску 2 ліпеня праходзіць чарговы раўнд перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Як паведамляе ў „Твітэры” МЗС Беларусі, перамовы пачаліся з сустрэч падгруп трохбаковай кантактнай групы. Сустрэчы ў „Прэзідэнт-гатэлі” традыцыйна праходзяць у закрытым для СМІ рэжыме. У другой палове дня тут пачнецца пасяджэнне кантактнай групы.

Папярэдняе яе пасяджэнне прайшло ў Менску 19 чэрвеня. Паводле яго вынікаў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік паведаміў журналістам, што ўдзельнікі перамоў пакуль не змаглі дамовіцца аб „хлебным” перамір’і і развядзенні сіл і сродкаў у раёне пасёлка Станіца Луганская. „Нягледзячы на відавочную зацікаўленасць бакоў у так званым хлебным перамір’і (на час уборкі ўраджаю. — БелаПАН.), яны, на жаль, сёння яшчэ не змаглі прыйсці да агульнага меркавання па тэксце сумеснай заявы. Гэтае перамір’е сумесна з шырокай супрацьміннай дзейнасцю неабходнае цывільнаму насельніцтву, якое жыве ў зоне канфлікту. Перамір’е таксама неабходнае дзецям, у якіх нядаўна скончыўся навучальны год. Дзеці, з майго пункта гледжання, маюць права на канікулы без страху”, — сказаў Сайдзік.

belapan.by