Мінэканомікі: Рост эканомікі Беларусі замарудзіўся з-за бруднай расейскай нафты



Эканамічны рост у Беларусі ў траўні запаволіўся з-за сітуацыі з забруджанай расейскай нафтай, заявіў 2 ліпеня міністр эканомікі Дзмітрый Крутой журналістам у кулуарах форуму па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы „Пояс і шлях”, які праходзіць у парку „Вялікі камень”.

Па выніках студзеня-красавіка рост эканомікі складаў 1,4%, а па выніках студзеня-траўня рост ВУП запаволіўся да 1%. Адказваючы на пытанні БелаПАН, міністр эканомікі заявіў, што пакуль не праводзілася ацэнка тэмпу эканамічнага росту за першае паўгоддзе.

Пры гэтым міністр растлумачыў, што запаволенне росту ВУП у траўні звязанае з сітуацыяй з паступленнем у краіну няякаснай нафты.

„Сітуацыя аналізуецца, ёсць дадзеныя пяці месяцаў, калі ў траўні ў нас ВУП запаволіўся. Мы чакалі адкладзенага эфекту, натуральна, з-за сітуацыі з бруднай нафтай, яна вельмі сур’ёзна паўплывала на паказчыкі па транспарце, аптовым тавараабароце і ўласна па перапрацоўцы нафтапрадуктаў”, — заявіў Крутой.

Акрамя гэтага, паводле яго слоў, адмоўна на дынаміку ВУП паўплывала засушлівае надвор’е і сітуацыя ў сельскай гаспадарцы. „Надвор’е, якое стаяла ў траўні-чэрвені, паўплывала на ўраджай і нарыхтоўку кармоў і ў канчатковым выніку на сітуацыю ў жывёлагадоўлі”, — адзначыў Крутой. Ад жывёлагадоўлі, дадаў ён, моцна залежаць аб’ёмы вытворчасці харчовай прадукцыі.

Як паведамлялася раней, беларускія ўлады запланавалі на 2019 год рост ВУП на ўзроўні 4% (пасля росту на 3% у 2018 годзе). У першым квартале прадстаўнікі ўрада заяўлялі, што магчымасці для выканання гадавога прагнозу па росце ВУП існуюць.

Разам з тым у красавіку ў Беларусь з Расеі паступіла няякасная нафта, і з-за гэтага нафтаперапрацоўчыя заводы вымушаныя былі прыпыняць экспарт нафтапрадуктаў.

На мінулым тыдні ў Палаце прадстаўнікоў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка паведаміў журналістам, што з-за наяўнасці ў нафтаправодзе бруднай нафты Беларусь у красавіку—чэрвені недаатрымала 630 тыс. тон нафты. Пры гэтым ён выказаў здагадку, што на 15 жніўня Беларусі ўдасца выпампаваць няякасную нафту на тэрыторыю Расеі.

belapan.by