Палітык Вадзім Саранчукоў: Дзень Незалежнасці – 25 сакавіка
У Беларусі 3 ліпеня адзначаюць свята – Дзень Незалежнасці, у гэты дзень у 1944 годзе была вызвалена сталіца Беларусі – горад Менск.
Гарадзенскі палітык, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць сапраўдным Днём Незалежнасці не 3 ліпеня, а – 25 сакавіка.
– Днём Незалежнасці з’яўляецца 25 сакавіка, калі была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень змены акупантаў у горадзе Менску ніколі не ўспрымаў як свята. Не бачу, што святкаваць і да якой прывязкі. Нават, калі браць 1944 год, Гародня яшчэ была пад нямецкай акупацыяй. Таму казаць пра Дзень Незалежнасці 3 ліпеня я не магу. Для мяне і маёй сям’і больш важнай і блізкай з’яўляецца дата 25 сакавіка.
Палітык упэўнены, што настане той дзень, калі гэтае свята будзе адзначацца на дзяржаўным ўзроўні як Дзень Незалежнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня