Улады сталі менш рэпрэсаваць незалежных журналістаў?



Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў, ці насамрэч зменшыўся ціск на незалежных журналістаў, якія працуюць без акрэдытацыі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” канстатуе, што за першыя шэсць месяцаў 2019 году на незалежных журналістаў працягваюць складаць пратаколы за супрацу з замежнымі СМІ (“Белсат”, “Беларускае Радыё Рацыя”) і на падставе гэтага штрафуюць па артыкуле 22.9 КаАП.

Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што колькасць судоў па гэтым артыкуле ў параўнанні з другой паловай 2018 года паменшылася (было 70 выпадкаў, стала 46).

Андрэй Бастунец: За ўвесь мінулы год было 118 судоў над незалежнымі журналістамі, таму, як бачым, у другім паўгоддзі 2018 года выпісалі прыкладна столькі ж штрафаў, колькі ў першым паўгоддзі гэтага года. Гэта значыць, што пасля накату напачатку года, затым сітуацыя крыху стабілізавалася.

Але, калі глядзець на агульныя лічбы, то штрафаў ўсё роўна шмат. Іх выпісвалі і працягваюць выпісваць тым журналістам, якія супрацоўнічаюць са СМІ, якім беларускі МЗС каторы год адмыслова не выдае акрэдытацыю.

Але адзінае, што можна заўважыць: апошнія пару месяцаў колькасць пратаколаў на журналістаў і на самой справе зменшылася.

РР: Магчыма, гэта звязаны з правядзеннем у Менску Еўрапейскіх гульняў?

Андрэй Бастунец: Не выключана, бо некаторыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі маніторылі сітуацыю. Можа быць, на гэта паўплывалі і нейкія іншыя фактары, пра якія нам невядома.

Але час пакажа, ці захаваецца гэтая тэндэнцыя. Іншая справа, што практыка пераследу журналістаў застаецца ўсё роўна і трэба дамагацца, каб рэпрэсій у дачыненні да журналістаў наогул не было. А часовыя паслабленні могуць заўтра ізноў раскруціць напоўніцу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя