МЗС высвятляе сітуацыю з затрыманнем у Тунісе беларускіх грамадзян
Міністэрства замежных спраў высвятляе сітуацыю з затрыманнем у Тунісе беларускіх грамадзян. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Паводле яго слоў, сітуацыя ўскладняецца тым, што ў Тунісе няма беларускага пасольства, і прыходзіцца задзейнічаць „больш складаныя механізмы”.
1 ліпеня туніскія СМІ паведамілі пра арышт двух грамадзян Беларусі па падазрэнні ў шпіянажы ў горадзе Сфакс. Паводле іх інфармацыі, беларусы прыцягнулі да сябе ўвагу мясцовых праваахоўнікаў пасля таго, як яны забаранілі персаналу гасцініцы заходзіць у іх нумар.
Паведамляецца, што пасля двух тыдняў назірання мясцовая пракуратура атрымала дазвол на вобшук. У беларусаў былі канфіскаваныя камп`ютары, „сучасная электронная тэхніка”, мабільныя тэлефоны, а таксама пашпарты грамадзян Украіны, Мальдываў і Польшчы.