Будучыня без вады
Многія гомельцы, вяртаючыся дадому вечарам 1 ліпеня з магілёўскага і менскага напрамкаў, трапілі ў дарозе ў сапраўдную пясчаную буру. На некалькі хвілінаў неба, якое было яшчэ нядаўна сінім і без аблачынкі, раптам стала чорным. У паветры праносіліся галінкі дрэваў, пластыкавыя пакеты, пясчынкі і нават дробныя каменьчыкі. Бачнасць на дарогах была зведзеная да мінімума, а ўключаныя аўтамабільныя дворнікі не паспявалі ачышчаць ад пяска шыбы. Зрэшты, жыхары некалькіх паселішчаў (Урыцкае, Краснае, Яроміна) гавораць, што ў апошнія гады пясчаныя буры ў гэтых мясцінах сталі амаль што нормай. Так праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля правядзення меліярацыйных работаў, экстэнсіўнай манеры вядзення сельскай гаспадаркі і маштабнай высечкі дрэваў мы апынуліся ў іншай кліматычнай зоне з анамальнымі праявамі. Зіма ў апошняе дзесяцігоддзе часта бывае нетыпова цёплай з мінімальным снежным покрывам, летам многія сельскія жыхары скардзяцца на засуху. Але самым небяспечным сімптомам зменаў для палешукоў становіцца дэфіцыт прэснай вады. Вяскоўцы і дачнікі з жалем гавораць, што з кожным годам вада ў калодзежах знікае, маленькія рачулкі і азёры мялеюць. Хоць да паўнамаштабнай катастрофы яшчэ далёка, але прыспеў час задумацца пра тое, што ў перспектыве бліжэйшых дзесяцігоддзяў Беларусь можа апынуцца ў cпісе краінаў з недахопам паверхневых водаў.
У нашай бядзе, дарэчы, мы не адзінокія. “Польскае радыё” са спасылкай на экспертаў ААН паведамляе, што ўжо сёння ў 18 краінах свету назіраецца дэфіцыт вады, пры якім наяўных водных рэсурсаў не хапае для функцыянавання нацыянальных эканомік. Да 2025 года колькасць такіх дзяржаваў павялічыцца да 33. Гаворка ідзе пра краіны Бліжняга Усходу, Паўночны Кітай, Мексіку, краіны Паўночнай Афрыкі, некаторыя постсавецкія дзяржавы. У самой Польшчы, напрыклад, вельмі невялікія рэсурсы паверхневых водаў – усяго каля 1600м3 на душу насельніцтва. Тым часам, сярэдні паказнік па свеце – каля 5420 м3 на душу насельніцтва. То бок, Польшчу можна аднесці да катэгорыі краінаў, якія знаходзяцца на мяжы дэфіцыта паверхневай вады.
У Беларусі сітуацыя з паверхневымі воднымі рэсурсамі выглядае трошкі лепш за польскую. Прынамсі, статыстыка паказвае нам карціну, што ў нас прыпадае на душу насельніцтва каля 3745 м3. Але нават на еўрапейскім фоне такія дадзеныя больш чым сціплыя. Нягледзячы на гэта, карыстанне вадой у Беларусі і стаўленне да нашага воднага багацця пакідае жадаць лепшага. Хоць пэўныя зрухі ў напрамку аховы водных рэсурсаў у Беларусі адбываюцца апошнім часам (у прыватнасці, прыняты Водны кодэкс і шэраг прыродаахоўных актаў), але на практыцы ўсё выглядае досыць сумна. Стандарты ачысткі сцёкавых водаў і метады іх фільтрацыі – гэта пазаўчорашні дзень. Асноўны негатыўны ўнёсак у забруджанне рэк і азёр робяць прамысловыя прадпрыемствы, агракомплексы і камунальныя прадпрыемствы.
Аднак і самі грамадзяне не надта разумеюць каштоўнасць вады. Жыхары прыватных сектараў часта “эканомяць”, арганізоўваючы несанкцыянаваныя каналізацыйныя сцёкі ў канавы і ліўнёўкі. А дачнікі за рэдкім выняткам нічога не чулі пра спосабы збору дажджавой вады для далейшага паліву гародаў. Агульны негатыўны эфект узмацняецца заганнай практыкай выкасу газонаў на плошчы ў дзясяткі тысяч гектараў, у выніку чаго прасторы гарадоў пераўтвараюцца ў засушлівыя пустыні. Асобная тэма – любоў гарадскіх начальнікаў да засваення бюджэтных сродкаў шляхам пабудовы кіламетровых бетонных набярэжных уздоўж рэк, што перашкаджае вадзе пранікнуць у зямлю. Выглядае на тое, што праз некалькі пакаленняў будучыя беларусы будуць з вялікай роспаччу і недаверам разглядаць фотаздымкі, на якіх адлюстраваныя хараство паўнаводных беларускіх рэк і азёр.