Па крымінальнай справе аб выбухах на салюце затрыманыя падазраваныя



Па крымінальнай справе аб выбухах феерверачных вырабаў на святочным салюце у Менску 3 ліпеня затрыманыя падазраваныя, паведаміў Следчы камітэт.

Следствам устаноўлена, што пры зарадцы салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка „дапусцілі парушэнне парадку працы з феерверачнымі вырабамі”. „А менавіта ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі пры зараджанні марцір, не прадугледжанае правіламі абыходжання з імі”, — гаворыцца ў паведамленні.

28-гадовы і 25-гадовы мужчыны прыбылі ў Беларусь спецыяльна для аказання тэхнічнай і іншай дапамогі пры падрыхтоўцы да святочнага салюту.

У іх дзеяннях угледжваюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 299 (парушэнне правілаў абыходжання з выбухованебяспечнымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) КК Беларусі.

Падазраваныя затрыманыя. Расследаванне працягваецца.

Раней Следчы камітэт паведаміў, што ўвечары 3 ліпеня падчас святочнага салюту ў Мінску „здарыліся чатыры выбухі феерверачных вырабаў, у выніку чаго разбураныя салютныя ўстаноўкі, разлётам аскепкаў нанесеныя цялесныя пашкоджанні не менш як 10 грамадзянам”. Адна жанчына, нягледзячы на аператыўна аказаную медыцынскую дапамогу, памерла на месцы здарэння. Акрамя таго, пашкоджаныя будынкі і збудаванні, якія знаходзяцца паблізу.

Версія аб няякасных феерверачных вырабах расійскай вытворчасці разглядаецца ў якасці асноўнай пры расследаванні крымінальнай справы аб выбухах падчас салюту ў Мінску, заявіў днём 4 ліпеня старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.

Мінабароны паведамляла, што падрывы адбыліся ў трох з шасці месцаў, адкуль давалі залпы. Ва ўсіх выпадках падарваліся снарады калібру 195 мм, са снарадамі калібраў 105, 125, 150 і 310 мм інцыдэнтаў не адбылося. Адзначаецца, што салютныя ўстаноўкі і феерверкі былі закупленыя ў расійскай кампаніі „Піра-Рос” (Сергіеў Пасад, Маскоўская вобласць).

Галоўным следчым упраўленнем СК па факце здарэння распачатая справа па ч. 2 арт. 463 КК (парушэнне правілаў абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных).

belapan.by

Фота Следчага камітэта РБ