Гісторык Васіль Герасімчык за эксгумацыю
Гарадзенскі гісторык, аўтар кнігі „Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда”, выступае за эксгумацыю парэшткаў Віктара Каліноўскага.
Па неафіцыйных дадзеных эксгумацыя можа адбыцца 8-га ліпеня.
Распавядае Васіль Герасімчык:
– Эксгумацыя патрэбная, бо гэта адзін з момантаў, які дазволіць ідэнтыфікаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага. Праблема ў тым, што высвятляецца складанасць з гэтым звязаная, бо магчыма там не магіла Віктара Каліноўскага. Гэта ўжо пытанне да тых краязнаўцаў, да асобаў, якія былі ініцыятарамі помніка на пачатку 90-х гадоў. Віктар Каліноўскі быў пахаваны ў Свіслачы, а таксама больш за дзясятак сваякоў Кастуся Каліноўскага, родных братоў, сясцёр, яго бацька.
На яго думку, месцы пахавання родных Каліноўскага можна знайсці ў Беларусі і Польшчы:
– Я таксама шукаў магілы ў іншых месцах. Ездзіў у Мастаўляны, у Мастаўлянах былі пахаваныя тры старэйшыя браты Кастуся Каліноўскага, якія былі ахрышчаны па ўніяцкім абрадзе. Хадзіў па старых ялоўскіх могілках, дзе былі пахаваныя яшчэ больш пяці родных сясцёр і братоў Кастуся Каліноўскага, у тым ліку яго маці Вераніка з Рыбінскіх.
Васіль Герасімчык упэўнены, што ў Беларусі можна знайскі нашчадкаў Каліноўскага, якія жывуць сёння, бо ў Кастуся Каліноўскага была даволі вялікая сям’я – амаль два дзясяткі братоў і сясцёр.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня